ЧАЧЭРСКАЯ СПАДЧЫНА – ТАНЕЦ
Ва ўсім свеце 29 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень танца, які афіцыйна святкуецца з 1982 года ў вызначаны час па ініцыятыве артыста балета, педагога і харэографа П.Гусева ў гонар французскага балетмайстра, чыё нараджэнне выпадае на гэту дату. Цяжка не пагадзіцца, што танец мае асабліва магічную сілу, якая нас зачароўвае і спакушае вытанчанай грацыяй, дынамікай і пластычнай хадой. Наогул, існуе шмат яго відаў: эстрадны, клубны, сучасны, гістарычны, спартыўны, бальны, нават вулічны. І кожны па-свойму непаўторны. Але народны найбольш даступны і каларытны.
Яшчэ нашы продкі з дапамогай рухаў імкнуліся выказаць свае думкі, пачуцці, эмоцыі і душэўны настрой. Але доўгі час беларускі танец быў малавядомы і рэдка выходзіў за межы вёскі, пэўнага рэгіёна. Прапаганда традыцыйнай культуры пачалася ў пачатку мінулага стагоддзя. Сёння яе прадаўжальнікамі і захавальнікамі з’яўляюцца танцавальныя гурты, аматары фальклору і этнаграфіі. Дзіцячы састаў народнага калектыву народнай песні, музыкі і танца «Лёс» в.Бабічы паступова змяняецца, але мясцовыя звычаі і абрадавыя дзеі, традыцыі бацькоў перадаюцца па жывому ланцугу пакаленняў. Кіраўнік гурта Васіль Карпоўскі шмат гадоў, калі яшчэ працаваў акампаніятарам, навучаў падлеткаў асаблівасцям танцавальнага мастацтва. Любоў да культурнай спадчыны перадалася яму з малаком маці Наталлі Ісакаўны, павагу да беларускіх найгрышаў запазычыў ад бацькі, які спрытна лупіў у бубен. Разам з дарослымі хадзіў на канцэртныя рэпетыцыі, выступаў на вясковых вечарынах. Трэба сказаць, што сям’я Карпоўскіх у Бабічах адна з музычных, бо і тры браты Васіля таксама добра валодалі гармонікам. Але найбольшы пасыл хлопец атрымаў ад старэйшага брата Івана. Дзякуючы яму і нястрымнаму ўласнаму жаданню навучыўся іграць на трохрадцы, старанна адшліфоўвае творчыя здольнасці і літаральна забівае аўдыторыю сваім імпэтам, заліхвацкімі прыпеўкамі, запальнымі мелодыямі і выканаўчым каларытам. Тую ж прыхільнасць да матчынай песні і скокаў Васіль выхоўвае ў сэрцах хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з задавальненнем і вялікім цярпеннем адточваюць кожнае танцавальнае каленца, узбагачаюцца фальклорнымі каштоўнасцямі і сцэнічным майстэрствам. Народны калектыў народнай песні, музыкі і танца «Лёс» наведваюць 12 дзяцей розных узростаў. Пасля дакладнага вывучэння архаічнага ці апрацаванага побытавага танца рабяты едуць на шматлікія фестывалі і святы, дзе раскрываюць феерычнасць зладжанасці пачуццяў і музыкі, еднасць пластычнасці цела і тэмпавага такта, гармонію ўнутранага стану і прыроджанага таленту.
– Добрыя выступленні бабічан на рэспубліканскіх фестывалях, а апошнім разам іх поспехі на VІІ абласным конкурсе «Вытокі» дазваляюць адчуць гонар за свой край, за традыцыйную спадчыну, за этнічныя карані, што беражліва захоўваюцца, пашыраюцца і трапятліва дасылаюцца па культурнай лесвіцы нашчадкам, – гаворыць загадчыца Бабіцкага цэнтра народнага танца, музыкі і песні Людміла Міхалкоўская. – Мы адчуваем гонар за нашых танцораў і іх натхняльніка Васіля Карпоўскага, бо не кожны раён можа пахваліцца нечым аналагічным. У гэтай справе важна не толькі ўмець раскрыць талент, але і зарадзіць зерне пачцівасці, выпрацаваць у дзяцей адчуванне дачынення да бацькоўскіх звычаяў і любові да роднай зямлі. Бо на гістарычнай памяці будуецца шчаслівае заўтра, а падмурак яму закладваўся яшчэ дзясяткі тысячагоддзяў таму.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.