пясняр роднага краю

Ёсць на Чачэршчыне маляўнічая вёска Балсуны, якая часта прыходзіць у сны паэту. Там Міхась Міхайлавіч Болсун нарадзіўся, там ён, сын патомных сялян, упершыю спазнаў, што такое праца на зямлі, адчуў людскую спагаду і ласку, там напісаў і першыя паэтычныя радкі. Пра прыгажосць роднай зямлі. Пра родны край. Сюды, у родныя мясціны, Міхась Болсун вяртаўся кожны раз з асаблівым пачуццём. Нярэдка ён прысвячаў землякам вершы. Але паэтычны голас Міхася Болсуна загучаў на поўную моц год дзесяць назад, калі ён пайшоў на заслужаны адпачынак. З’яўляюцца падборкі ў газетах і калектыўных зборніках, а потым на працягу апошніх дзесяці год – адна за адной – выходзяць чатыры кнігі вершаў: “Яблыня ў фаце”, “Там, дзе задумлівы Сож”, “Спатканне з поўняй” і “Пад сузор’ем дабрыні”. Гартаючы гэтыя кніжкі, яшчэ раз пераконваешся, што землякі недарэмна надалі Міхасю Болсуну званне ганаровага грамадзяніна Чачэрскага раёна. Гэтаму краю ён прысвяціў вельмі шмат вершаў, сярод якіх – “Каўпіта”, “Чачэрскі край”, “Ля помніка ў Чачэрску”, “Песня пра Палессе”, “Над Чачэрскам развеяўся золак”, “Помнік землякам”, “Ратуша, “Прыстань Крэмень”, “Чачэрскі набожнік” і многія, многія іншыя. Ужо адны назвы гавораць самі за сябе. ”Да апошняй мяжы, за якой смутку вечар, я любоў да цябе, мой Чачэрск, зберагу. Без мяне будзеш жыць над Чачораю вечна, без цябе аніяк я пражыць не магу,”– шчыра прызнаецца паэт.
Па вершах Міхася Болсуна можна прасачыць гісторыю ягонай малой радзімы. А яна, малая радзіма, – перш-наперш, людзі, улюбёныя, як і ён, у гэтыя мясціны. Яны былі ваярамі і стваралі першыя калгасы, у жорсткіх баях Вялікай Айчыннай адстаялі вясну. Ваяваў і бацька паэта, якому сын прысвяціў цёплы, прачулы верш.
Так, любоў да Радзімы, вялікай і малой, – скразная лінія ў вершах Міхася Болсуна. Можна цытаваць радок за радком – і не перастанеш разам з паэтам радавацца жыццю так, як радуецца яму ён.
Прыемна, што сёння Міхась Болсун амаль што самы запатрабаваны аўтар у Гомельскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго ахвотна запрашаюць да сябе школьнікі і студэнты, працаўнікі заводаў і калгаснікі. Сакрэт просты: вершы паэта кранаюць струны душы, не пакідаюць абыякавымі кожнага. Вершы паэта вучаць любіць і ненавідзець, а што і як – чытач і сам разбярэцца. Ён разумны і патрабавальны сёння, чытач.
Хочацца пажадаць юбіляру і сябру, каб яшчэ доўга вяла яго дарога з гуллівых гомельскіх вуліц у Чачэрск!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика