… А ЖЫТА СЕЙ
Адно з самых актуальных пытанняў сезона – сяўба азімых зерневых – было пастаўлена такім чынам, каб да 25 верасня яе завяршыць. На Чачэршчыне неабходна засеяць на зіму пшаніцы, жыта і трыцікале 8825 гектараў. Больш за месяц працягваюцца гэтыя работы. А за дзень да пастаўленага тэрміну ў зводцы значылася, што выканана заданне на 75,5 працэнта. Прычым падрыхтавана глебы пад сяўбу азімых толькі каля 80 працэнтаў плошчаў. КСУПы “Роўкавічы”, “Батвінава” і “Вазнясенск” найбольш марудна крочаць да фінішнай прамой. Перавыконваюць апошнім часам дзённае заданне ААТ “Отар” і КСУП “Нісімкавічы”, але і тут яшчэ неабходна было, пачынаючы з раніцы 24 верасня, засеяць азімымі больш за 15 працэнтаў плошчаў. Лепш за астатніх спраўляюцца з задачай у ААТ “Чачэрскагратэхсервіс” (88,2%). Але ж тут і пасеяць неабходна амаль удвая менш, чым у большасці сельгаспрадпрыемстваў. Галоўнай прычынай спазненняў стаў дэфіцыт паліва. У кіраўнікоў свая арыфметыка, згодна з якой не атрымліваецца не толькі эканоміць, але і жыць у дастатку. Практыка, як аказваецца, не супадае з тэорыяй. І на справе атрымліваецца, што на апрацоўку аднаго гектара зямлі паліва неабходна больш, чым падлічана спецыялістамі (?!), патлумачыў у сваю чаргу дырэктар КСУП “Вазнясенск” М.М. Новікаў.