Общее дело: лесоводы трудятся вместе с оторскими хлеборобами

25 июля 2026
43
Ледзьве з коласа ўпадзе раса, аграрыі выводзяць камбайны на залатое мора зерневых и зернебабовых культур. Трэба паспець сабраць налітыя сонцам зярняты, каб ураджай гэтага года не прамок пад дажджом і парадаваў сваёй шчодрасцю.

Заклапочаны хлебаробскімі турботамі і работнікі спецлясгаса – трактарысты Віктар Хрысцін з Бабіцкага лясніцтва і Віктар Міхаленка з Палескага, якія на перыяд уборкі зерневых падставілі моцнае мужчынскае плячо земляробам ААТ «Отар». Прычым Віктар Уладзіміравіч, каб не губляць марна часу на пераезд з Палесся ў Отар, пасяліўся ў сястры ў райцэнтры. Лесаводы ахвяравалі свой працоўны адпачынак дзеля агульнай высакароднай справы і змянілі прафесію да канца ўборачнай. Прычым гэта не першы іх сезон на жніве. Віктар Хрысцін ужо чацвёрты год, а яго калега другі раз селі за руль камбайна і ўліліся ў дружны отарскі калектыў. Сёлета яны шчыруюць на залатой ніве з напарнікамі Андрэем Бураковым і Леанідам Церахавым. Вызваліўшы ад зерня пасяўныя ўчасткі з ячменем і рапсам, накіроўваюць магутныя волаты-камбайны на пшанічныя надзелы. «Мы ж самі з вёскі і ведаем, наколькі зараз адказны і напружаны перыяд не толькі для работнікаў «Отара», але і для ўсёй Беларусі. Хлебны колас у гэтым годзе выдаўся добры, важкі, аж душа радуецца. Толькі не лянуйся, шавяліся, – гаворыць Віктар Міхаленка. – Да таго ж для бесперабойнага рытму ў гаспадарцы створаны ўсе належныя ўмовы. Тэхніка працуе без збояў, наладжана двухразовае харчаванне, у полі арганізавана дзяжурства трактара з вадой на выпадак узнікнення пажару. Адносіны кіраўніцтва – уважлівыя, аплата – дастойная, настрой – бадзёры. Галоўнае, каб надвор’е не падвяло».

Сонца выйшла ў неба, а хлебаробы спяшаюцца ў поле: налітае сокам калоссе просіцца ў бункер камбайна, каб потым трапіць на наш стол румяным пыхным караваем.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ
ФОТА АЎТАРА