Коллектив «Чечерцы» подтвердил народное звание
Талант и певческое мастерство артистов коллектива «Чечерцы» за 30 лет существования оценили не только жители Чачерщины.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Любімы многімі чачаранамі гурт за гэты доўгі час здолеў заваяваць сардэчную прыхільнасць аматараў спеўна-музычнай творчасці далёка за межамі раёна. Сёлета ансамбль у чарговы раз пацвердзіў сваю арыгінальную індывідуальнасць, абараніўшы ганаровае званне «народны».
Пра поспехі і творчыя перамогі «Чачэрцаў» гавораць шматлікія ўзнагароды – дыпломы, граматы, лаўрэатства, падзякі і, самае галоўнае, усеагульнае прызнанне і вядомасць. Але заўсёды быць на вышыні і трымаць высокую планку тытулованага калектыву не так проста. Таму папярэднічала штодзённая напружаная і карпатлівая работа, у першую чаргу над сабой, а яшчэ пастаянныя рэпетыцыі, шліфоўка і аднаўленне рэпертуару, часам горкія расчараванні і нават слёзы.
Напачатку існавання гурт дзейнічаў пры дзіцячай школе мастацтваў і называўся «Мілавіца». А сваю цяперашнюю назву займеў у 1992 годзе. І ўжо праз 3 гады стаў «народным». Ды не толькі па найменаванні. Песні і высокі артыстызм творчага складу, прафесіяналізм і трапны сцэнічны вобраз салістаў зачароўваюць і здзіўляюць. Адметную ролю ў канцэртных выступленнях «Чачэрцаў» адыгрывае каларытны знешні выгляд дзяўчат. Сцэнічны гардэроб артыстаў складаюць некалькі фасонаў касцюмаў, розных па афарбоўцы, стылю і крою. Але кожны з іх надае спявачкам гармонію, яркі вобраз і зайздросную прыгажосць.
Прывабныя дзівы сцэны, таленавітыя артысткі ўражваюць мілагучнасцю музыкальнага ладу і размахам галасавога дыяпазону. Асабліва ярка і непаўторна прыгожа гучыць мелодыя песень, народжаных душой і прыродным дарам Ірыны Курдзюмавай, якую ў народзе па праву называюць чачэрскай Людмілай Зыкінай. Яна не толькі спявачка, а і дырыжор, і харэограф, і аранжыроўшчык, і дызайнер касцюмаў. А ў агульным – кіраўнік народнага калектыву, на чале якога з 2008 года. Дарэчы, пэўны час акампаніятарам гурта быў яе бацька Аляксандр Васільевіч. Ён не толькі задаваў тэмп музыцы, але і падтрымліваў Ірыну на яе першых кроках кіраўніка, дапамагаў раскрыцца творча.
Талент, багатыя мастацкія здольнасці, нястрыманы імпэт і энергія, а яшчэ карпатлівая праца і амаль фанатычная любоў да сцэны, да прыгожай мелодыі і мудрай песні – тое, што прыносіць задавальненне і жаданне выходзіць да мікрафона. Аналагічнымі якасцямі валодаюць і астатнія ўдзельніцы «Чачэрцаў». Таму мінулы поспех – агульны здабытак і радасць.
Валентина ПРАНКЕВИЧ.