ДЗЕ РАНЕЙ ІШЛІ БАІ – ПАХНЕ ГАРБАТАЙ

IMG_3888На беразе Чачоры ў доме па вуліцы Лугавой райцэнтра патрэскваюць у печы дровы. Утульна. Гаспадыня Людміла Анісімаўна Чумакова, супакоіўшы сабаку, запрашае на размову.
На гэтым тыдні яна адзначыла 85-гадовы юбілей, вядома, ёсць што ўспомніць. Карэнная чачаранка нарадзілася ў працоўнай сям’і, з маленства вучылася дапамагаць маці, бо была старэйшай з трох дзяцей. З роднай хаты выгнала вайна. Уздоўж Сажа праходзілі баі – заставацца дома небяспечна. Падаліся ў Меркулавічы, дзе далі прытулак мясцовыя жыхары. Але казаць аб выратаванні рана. Аднойчы, калі лютавалі фашысты і збіраліся спаліць людзей, дапамог дзед Масей. Ён адзіны меў каня і ноччу пасадзіў на воз усіх, каго толькі змог, вывез далей ад жорсткасці акупантаў і немінучай смерці. Рызыкаваў уласным жыццём, але клапаціўся пра іншых. Хоць і лічылі яго да вайны кулаком, аднаасобнікам, ды бяда ўраўнавала ўсіх.
Варожая армія адступіла, чачаране пачалі ўсё нанова: сеяліся, будаваліся, гадавалі дзяцей ды чакалі з фронту сваіх салдат. Вярнуліся, безумоўна, не ўсе. Бацька Люсі таксама застаўся там, на палях Вялікай Айчыннай. Маці працавала ў калгасе. На жаночых плячах засталіся дзеці ды нямоглая бабуля. Старэйшая дачка ва ўсім была побач – пасвіла авечак, даіла кароў, паспявала бегаць і ў школу, дзе на газеце між радкоў запісвала словы настаўніка. Заняткі праходзілі ў самай вялікай на той час хаце №37 па вуліцы Калгаснай. А пасля сямі класаў, як многія, дзяўчына пайшла на курсы заатэхнікаў, што былі арганізаваны ў ратушы. Толькі авалодаць прафесіяй так і не пашанцавала. Хто будзе дапамагаць маці? На чые плечы лягуць хатнія справы? Вось прапанаваў сусед Сцяпан Буланоў, які працаваў у санстанцыі: «Можа, уладкаваць, Люся, дэзінфектарам?» Так і пачаўся шлях даўжынёй у 40 гадоў. З вадзіцелем Мікалаем Ганжыным Людміла Анісімаўна аб’ездзіла ўсе вёскі, дзе толькі выяўляліся небяспечныя захворванні: кароста, тыф, сухоты, дызентэрыя і іншыя. Хлорамінам апрацоўвала хаты, адзенне, каб спыніць пакуты, захаваць жыццё.
Сям’ю стварыла з чачаранінам Леанідам. Хлопец таксама рос сіратой. Так здарылася, што яго маці і бацька кахалі адзін аднаго, але не паспелі пабрацца шлюбам да вайны, а ў першыя дні бамбардзіровак на заходнім фронце малады афіцэр Ягор загінуў.
Леанід пасля службы ў арміі (раней забіралі на чатыры гады) працаваў слесарам у сельгастэхніцы. Разам яны выхавалі траіх дзяцей. «Ён быў спакойны, добры гаспадар», – успамінае суразмоўца. Толькі ў старасці Людміла Анісімаўна засталася без сваёй другой палавіны. У бабулі чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Баляць ногі, нагадвае пра няпростую долю сэрца, але, звыклая да працы, яна трымае на падворку козачку, хатнюю птушку. Дапамагае па гаспадарцы сын. Так заведзена, што на стале заўсёды малако, гарбата з шыпшынніка, зверабою, белага бэзу, бублікі, а ў душы – дабрыня, шчырасць ды ўсмешка.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика