ЧАЧЭРСКІ МУЗЕЙ СУСТРАКАЕ ЮБІЛЕЙ

IMG_5218Юбілей заснавання гісторыка-этнаграфічнага музея Людміла Філюшкіна сустракае з трапяткім хваляваннем – архіўнай справе ў гэтай установе культуры яна аддала 20 гадоў.

Галоўны захавальнік прыйшла на працу ў 1995 годзе. Тады музейны фонд складаў больш за 16 экспанатаў. Па крупінцы збіраліся ад насельніцтва рарытэтныя рэчы хатняга побыту і вясковага ўжытку. Спачатку стацыянарнага месца для складвання не было, таму каштоўныя прадметы з гісторыі жыцця рэгіёна часова ўтрымлівалі ў прыстасаваных памяшканнях, частка з іх размяшчалася ў прыватным доме па вул.Перамогі. Службовы кабінет спецыялістаў перыядычна мяняўся: то ў актавай зале сучаснага інтэрната па вул.Гагарына, то ў будынку падатковай інспекцыі, пэўны час дала прытулак графская сядзіба і адзін з кабінетаў райвыканкама.

Ужо пры дырэктары музея А.Балыш мы перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку на ўваходзе ў ратушу, якая была адчынена ў межах святкавання 845-годдзя Чачэрска, – гаворыць Л.Філюшкіна. – Занялі першы паверх і падрыхтавалі зал іканапісу. Затым паступова экспазіцыйная тэрыторыя пашыралася. Цяпер дзейнічае дзевяць залаў і адна – часовага экспанавання на трэцім паверсе. Гонарам сваёй шматгадовай працы на азначанай пасадзе лічу рэалізацыю па Праграме CORE сумеснага праекта «Згубленая зямля», ініцыятарамі напісання якога, акрамя мяне, сталі Вольга Камарніцкая, Ала Балыш, Таццяна Тульжэнка і Анатоль Гурынаў. У ходзе гэтага ў 2006 годзе была адкрыта экспазіцыя «Рэха Чарнобыля».

Сёння ў музеі  налічваецца 19493 экспанаты. Дапамагаюць папаўняць архіўныя засекі культустановы многія жыхары раёна, але самымі актыўнымі здатчыкамі Людміла Аляксееўна назвала чачаран П.П.Хлебаказава, Н.М.Шаўцову і П.В.Несцяровіча.  Сярод найбольш каштоўных рэчаў – баявыя ўзнагароды ветэранаў вайны Т.К.Сувалавай і І.П.Зубава. Дзеці партызана па яго патрабаванню перадалі таксама на захаванне друкарскую машынку, на якой лясныя мсціўцы выпускалі пракламацыю і зводкі Саўінфармбюро. Між іншым, для памяці нашчадкаў пра гераічны подзвіг бацькоў раскажуць і іншыя матэрыялы перыяду 1940-х, і у тым спісе 56 спраў з дакументамі і фотаздымкамі салдат Перамогі. Цікавы падарунак установе зрабіў  начальнік цэха газавай гаспадаркі А.Ганжын – выставачныя паліцы ўзбагаціла ахвяраваная ім радыёла «Аўрора» сярэдзіны ХХ стагоддзя. А старадаўні сервіз, срэбраная лыжка са сподакам чарнышоўскай эпохі ад Н.М.Шаўцовай вяртае наведвальнікаў музея гадоў на 300 назад. Дарэчы, за мінулы год пазнаёміліся з багаццем архіўнай скрыні 34-х стацыянарных і перасоўных выстаў 9454 чалавекі, было праведзена 248 экскурсій і дзевяць культурна-адукацыйных заняткаў са школьнікамі.  Сабраныя калекцыі нумізматыкі, гісторыі тэхнікі, фларыстыкі, этнаграфіі – усяго больш за 10 – заўсёды запатрабаваныя. Ва ўнісон чырвонай даце 70-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай ва ўсіх клубных установах раёна дзейнічае тэматычная перасоўная выстава «Рэха далёкай вайны».

Дзеля ўмацавання пабрацімскіх адносін музейнымі  супрацоўнікамі наладжваюцца сяброўскія сувязі з калегамі з Валакаламска, Краснай Гары і Ярапольца Расійскай Федэрацыі, праводзяцца творчыя сустрэчы, абмен вопытам у межах Гомельскай вобласці. Вось і ў ліпені госці з суседніх прымежных тэрыторый прыедуць да чачаран на юбілей, каб раздзяліць агульную радасць, душой дакрануцца да далёкага і блізкага мінулага Чачэршчыны, прайсці па мастку часу і пакінуць след у дні заўтрашнім.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

 

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика