НА ПАРТЫЗАНСКІХ СЦЕЖКАХ ЧАЧЭРШЧЫНЫ
Калі за кожнага загінуўшага ў Другой сусветнай вайне аб’явіць хвіліну маўчання, цішыня па ўсім свеце панавала б каля 50 гадоў. Беларусь у гэтым выпадку заціхла б на доўгія тры гады.
Гераічнымі шляхамі беларускіх змагароў за свабоду прайшлі на мінулым тыдні вучні сідаравіцкай і нісімкавіцкай школ і ўсе запрошаныя: пасля рамонтных работ на месцы базіравання 1-й Гомельскай партызанскай брыгады адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу ў п.Яміцкае. Сіламі Чачэрскага спецлясгаса, педагогаў і вучняў, работнікаў культуры Нісімкавіцкага сельсавета, а таксама пры непасрэднай зацікаўленасці старшыні мясцовай улады Жанны Малінавай тут прыведзены ў належны выгляд партызанскія зямлянкі. Былая забудова стаянкі народных мсціўцаў налічвае пяць макетаў ляснога лагера: штаб, санчастка, жылое памяшканне, інфармацыйны пункт і баня. Здаецца, вось зараз з глыбіні хваёвай гушчы выйдуць людзі ў ваенным абмундзіраванні са зброяй наперавес, скінуць з плячэй вінтоўкі і запаляць вогнішча – да таго сітуацыя была набліжана да натуральнай. Тут жа пачаў дзейнічаць музей ваеннай славы пад адкрытым небам, дзе сабраны кароткія звесткі з гісторыі ўтварэння чачэрскага атрада, аб яго кіраўніках, баявых дзеяннях, а таксама біяграфія юнага героя Чачэршчыны Грышы Падабедава.
На мерапрыемстве прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама П.Несцяровіч. Выступаючы перад школьнікамі, ён назваў сімвалічным тое, што сёння мы ходзім па гістарычных мясцінах, стаім на святой зямлі, прасякнутай патрыятызмам і неўміручай славай салдат саракавых. Пётр Васільевіч заклікаў хлопчыкаў і дзяўчынак любіць сваю краіну, даражыць мірам і захоўваць у памяці подзвіг савецкага байца. Тут жа ва ўрачыстай абстаноўцы сідаравіцкая школа перадала эстафету героіка-патрыятычнай акцыі «Установа высокай культуры» калегам з Палесся.
Пасля афіцыйнай часткі пачаліся спартыўныя спаборніцтвы паміж вучнямі. Рэкордную колькасць раз падняў гіру вагай 16 кілаграмаў дзевяцікласнік нісімкавіцкай школы Мікалай Васіленка – 105 разоў, а яго сябар Дзяніс Біжуноў здолеў зрабіць 80 «качкоў». Пакуль адны сапернічалі, другія ласаваліся салдацкай кашай, юшкай і печанай бульбай. Усё, як у сапраўдных партызанскіх умовах. Толькі, дай Божа, каб аналагічныя сустрэчы праходзілі не пры баявых дзеяннях, а толькі як рэквіем па мінуламу.