Святлом багата хата жыхаркі Чачэршчыны

IMG_5538Здалёк відаць, што на вуліцы Цэнтральнай,12 вёскі Бяляеўка жывуць дбайныя і руплівыя гаспадары. Дом мужа і жонкі Герашчанкаў пяшчотна даглядаецца, прылягаючая тэрыторыя акуратна падстрыжаная, агароджа пафарбаваная, а пад вокнамі белым квеценем выхваляюцца маладыя слівы ды вішні.
За чысцінёй на падворку сочыць Галіна Паўлаўна, клопат жа пра забеспячэнне палівам, апрацоўку агарода і іншая вясковая праца кладзецца ў абавязак Рыгора Андрэевіча. Калі маладыя пажаніліся, нарадзілі дзяцей, трэба было адрывацца ад бацькоў і ствараць свой вугал. Так у сярэдзіне 1970-х загрукалі сякеры і зазвінелі пілы. Хутка сямейная пара ўжо адзначала наваселле. З таго часу пачуццё свята прысутнічае там заўжды. Сюды любяць наведвацца ў госці дзве дачкі і сын, а таксама заўсёды гатовы пачастункі для пецярых унукаў.
Звыклыя да напружанай сялянскай работы, назапасіўшы па чатыры дзясяткі гадоў працоўнага стажу, Галіна Паўлаўна і Рыгор Андрэевіч і зараз у пастаянным руху: накарміць хатнюю птушку, парсюкоў, вывесці на зялёны мурог казіны статак, пасеяць зерне і нарыхтаваць на зіму духмянага сена кабылцы – патугі светлавога дня і неспакойныя будні вяскоўцаў. Але, як кажуць самі гаспадары, толькі гэтыя клопаты і не дазваляюць засмучацца, старэць. Дый і родзічы што ні свята – тут як тут. Каля варот жаданыя, чаканыя і раптоўныя госці. Любому з іх у хаце рады, пачастуюць смачным сняданкам і сагрэюць у зімовую сцюжу. А часцяком і падарункам адораць – масцеравіты галава сям’і спрытна вырабляе лазовыя вялікія кашы і малыя карзіны: у лес па грыбы, на бульбяны палетак, ці сакавітыя яблычкі сабраць – усюды такая рэч да патрэбы.
…Прыпякае сонейка, падаўжаецца дзень, вясна набірае сілу. Час зноў брацца за фарбы і малаток: падрамантаваць, паправіць, устанавіць малую архітэктурную форму. Такія домаўладанні – прыклад высокай санітарыі і парадку.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика