Зімовыя будні вёскі-вуліцы
Хоць і браўся мароз за каленкі, але дзень стаяў сонечны, калі рэдакцыйная машына накіравалася ў Ніўкі.
Пад бялюсенькай снегавой шапкай хаваецца ўсяго некалькі дамоў. Ды і людзей ужо няшмат – з дзясятак налічваецца. Самы стары з іх Віктар Плескачэўскі. З ветэранам працы засталася гутарыць мая калега, а я пайшла даведацца, як сёння жывуць людзі ў гэтым знікаючым з карты раёна куточку.
Зімой галоўны абавязак кожнага – вытапіць грубку. Жыхары ў асноўным пенсіянеры, толькі адзін Сяргей – мужчына на выданне, усяго 45 праз два гады стукне. Ён даглядае маці ды двух суседзяў. Сацработнік адказны, хваляць яго старыя. Па тры-чатыры жылыя хаты напачатку і ў канцы адзінай вуліцы і адзін дом у сярэдзіне. Ды яшчэ некалькі пабудоў выкарыстоўваюцца ў якасці дач. Вось і ўся арыфметыка. А калісьці вёска-вуліца налічвала каля 40 двароў, якія цягнуліся адзін за другім доўгім ланцугом. Былі тут і аб’екты інфраструктуры: школа, магазін, аддзяленне сувязі. Звінеў дзіцячы смех, гуляла моладзь, спяшаліся на працу жыхары – знаёмая гісторыя. А зараз маўчаць Ніўкі. Тройчы на тыдзень прыязджае аўталаўка, ды трактары з машынамі час ад часу імчацца ў суседняе Залаўе.
Заходжу ў адзін з домоў. Прызнацца, яго санітарны стан зусім не спадабаўся. Гаспадар таксама не ўтойвае, што ўдзельнікі назіральнай камісіі сварацца на яго. Але звыклы ўклад жыцця пажылы мужчына ўжо наўрад ці зменіць – гэта яго выбар і спосаб прыстасавання да рэчаіснасці.
Наступная, да каго паспела завітаць, была 82-гадовая Ніна Васільеўна. Жанчына якраз займалася звыклай справай – тапіла грубку, двойчы на дзень гэта робіць. Пакуль варочае дагараючыя дровы, слухае тэлевізар. Ён паўнапраўны суразмоўца да самага вечара. Штодзень заходзіць сацыяльны работнік і сусед Сяргей, прыносіць ваду і дровы. Падчас выхадных прыязджаюць дзеці, а ў будні тэлефануюць, пытаюцца пра здароўе. Так і ляцяць адзін за адным лісты календара. У гэтай жанчыны, як і ў кожнага яе ўзросту, за плячыма свая гісторыя з асаблівай адзнакай пра трагічнае ліхалецце. «Магу запамятаваць тое, што ўчора было, а пра вайну ўспаміны самі ў памяць уразаюцца», – прызнаецца Ніна Васільеўна. І тут жа ўзгадвае, як хаваліся ад немцаў, як маці пякла хлеб партызанам, як баіцца пенсіянерка такога лёсу для сваіх дзяцей і ўнукаў. А на долю першых таксама прыйшлося «чорнае выпрабаванне» – чарнобыльская аварыя. Маці ўпэўнена, што менавіта з-за яе наступстваў раней часу пахавала аднаго з сыноў. Пакрыху раны загойваюцца, але боль ад іх не знікае. Жанчыне застаецца толькі мірыцца з выпрабаваннямі лёсу, і пакуль гадзіннік жыцця цікае, траціць яго на звычайныя справы – карміць курэй ды сабаку, тапіць грубку і назіраць за рухам транспарту праз акно.
Прыкладна па такой жа схеме праводзяць дні астатнія жыхары вёскі. А зіма ў ёй – асаблівы стан спакою і цішыні. У гэту пару нават не кідаюцца ў вочы пустуючыя хаты і недагледжаныя кавалкі зямлі.
Наталля СУВАЛАВА.
Гэта мая прабабушка я че вельмi кахаю!
Каленiк Аляксандр Сяргеевiч
Это моя любимая бабушка! 9.04.2017 её не стало! Я её очень сильно люблю и очень сильно скучаю по ней!