У чачэрскім музеі адбылася персанальная выстава Аляксандра Плістава
Раз у квартал у экспазіцыйных залах гісторыка-этнаграфічнага музея праходзяць выставы дарыцеляў, прымеркаваныя да юбілею горада, Году малой радзімы і 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На гэты раз на сустрэчу запрасілі чачараніна Аляксандра Плістава.
Тры месяцы назад вучні пазнаёміліся з самым актыўным здатчыкам Неанілай Шаўцовай. Зараз на сустрэчу запрасілі чачараніна воіна-інтэрнацыяналіста Аляксандра Плістава. На працягу чатырох гадоў мужчына ахвяраваў музею 162 экспанаты: радыёлу, савецкі будзільнік, драўляны бачонак для віна, кадушку, керагаз, а таксама прадметы пчалярства. Сярод старых дакументаў пратакол вобыску 1938 года. Школьнікі разглядалі рарытэтныя рэчы, цікавіліся, як іх ужывалі продкі. Рабяты даведаліся, пад які «музычны цэнтр» танчылі іх бабулі, што раней было замест газавай пліты, як дзяды выраблялі абутак і для чаго фунтоўка.
Разам з тым хлопчыкі і дзяўчынкі маглі пазнаёміцца з творчасцю Аляксандра Леанідавіча. З 1992 года ён захапляецца гальванапластыкай. З часам хобі перарасло ў неабходнасць, і ён аформіў рамесніцтва. Першыя работы выстаўляліся на аўкцыёне ў Аўстрыі, і ўсе пайшлі «з малатка». Атрыманыя грошы былі накіраваны дабрачыннаму фонду «Шчыт Чарнобылю» для аздараўлення дзяцей з забруджаных радыёнуклідамі раёнаў. Потым было яшчэ больш за 100 выставак і экспазіцый па гарадах Беларусі, Расіі, Украіны.
Шмат гадоў майстар пастаянны госць на конкурсах і фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага значэння: «Александрыя» на беразе Дняпра, «Вясновы букет» (Мінск), «Славянскі базар» у Віцебску, «Вянок дружбы» у Бабруйску. Яго пазнаюць па нацыянальным строі касцюма на Коранскім і Свенскім кірмашах у Курску і Бранску. Дадому Аляксандр заўсёды прывозіць падзячныя лісты, дыпломы, ганаровыя граматы. У гэтым годзе разам з жыхарамі расійскага Арла марыць адсвяткаваць Дзень горада і вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пабалець за сваіх на ІІ Еўрапейскіх гульнях, што адбудуцца ў чэрвені.
В.БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.