“Меркулавіцкія вячоркі”

Ідэя стварэння калектыву мастацкай самадзейнасці “Меркулавіцкія вячоркі” прыйшла на розум тагачаснаму дырэктару мясцовай установы культуры. Алена Фёдараўна Бозікава правяла творчую агітацыю сярод жанчын вёскі, і ў 1972 годзе на чачэрскай сцэне заспяваў і затаньчыў новы самадзейны гурт, кіраўніком якога стала яна сама. У рэпертуары калектыву былі народныя песні, абрадавыя дзеі, традыцыйныя для меркулавіцкага краю карагоды, вядомыя беларускія найгрышы. Падбіраў акорды пад жаночыя галасы вясковы гарманіст Васіль Плістаў. З гадамі талент і сцэнічнае майстэрства самабытных артыстаў мацнела, і ў 1993 годзе калектыў абараніў званне “народны”. Пасля ў склад аматараў музычна-песеннага мастацтва ўлілася Любоў Галубіцкая, якая акампаніравала на трохрадцы спевакам і танцорам. Свайго бацьку – Васіля Якаўлевіча Казлова – змяніў яго сын Васіль, які і сёння заліхвацкі перабірае гузікі гармоніка, падганяючы мелодыю пад сугучныя напевы салістаў.
З таго першага дэбюту калектыву перад чачэрскім гледачом незаўважна праляцелі ўжо 40 гадоў. На змену старым удзельнекам “Меркулавіцкіх вячорак” прыйшлі новыя, маладыя і галасістыя захавальнікі мясцовых традыцый, беларускага нацыянальнага багацця, шчодрыя на пяшчоту і сардэчнасць людзі, кіруе якімі Валянціна Лявончыкава. Больш за 100 песень, танцаў, карагодаў, абрадаў і звычаяў нясуць і перадаюць яны наступным пакаленням, выхоўваюць у дзяцей і падлеткаў пачуццё гонару за родную мову, за спеўную культуру беларусаў, за матчын вышываны рушнік. Да гэтага часу не забыліся меркулавіцкія жыхары зычны, як званочак, галасок Марыі Садоўнікавай, прозвішчы носьбітаў мясцовага фальклору Надзеі Глушанок, Васіля Захількі і іншых прыхільнікаў этнічнай скарбніцы народнай мудрасці, дабрыні і вераванняў. І прыемна усведамляць, што разам з дарослымі нясуць гэта багацце па жыцці падлеткі, якіх у калектыве 14. Мастацкі кіраўнік Меркулавіцкага ЦСДК Іван Яшкоў навучае хлапчукоў і дзяўчынак правілам ігры на гітары і балалайцы, укладвае ў душы дзяцей любоў да народнага духоўнага багацця. Пры дапамозе музыкі перадае рабятам уменне бачыць прыгожае і галоўнае – адчуваць сваю годнасць беларуса.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика