Пад наглядам Фёдара Курбацкага 400 галоў жывёлы сельгаспрадпрыемства «Отар»

Каля рагатага пагалоўя жывёлавод на адкорме Фёдар Курбацкі сельгаспрадпрыемства «Отар» штодзень з чатырох раніцы і да змяркання. Яшчэ пеўні не спяваюць, а даглядчык ужо шыбуе да свайго статка, чысціць кармушкі, падмятае, сочыць за тым, каб у скаціны былі соль і вада.

Да кармавога стала «абед і вячэру» мужчына дастаўляе на вараным коніку Малышу, які поплеч з ім з самага першага дня. На парцыённы паднос жывёле Фёдар Іванавіч кладзе ўсё строга па раскладзе. Прычым большасць работы праводзіцца ўручную. А ў групе 400 гадаванцаў. Усе яны ўтрымліваюцца ў выгульным загоне. Дождж або мароз – топчуцца на свежым паветры і чакаюць свайго сытнага пайка. А калі ў дадатак да ежы чалавек пагладзіць і скажа нешта ласкавае, здаецца, у жывёлы і апетыт праразаецца. Значыць, пагалоўе прырастае ў вазе, што добра адбіваецца на выніку працэса па вытворчасці мяса.

– Ён у нас «ранняя птушка», на ферме першы за ўсіх, – гаворыць загадчыца Отарскай МТФ Таццяна Агароднава. – Ужо а чацвёртай гадзіне наводзіць парадак, падвозіць корм. Яго статак размяшчаецца ў трох загонах. Бывае, пад апеку трапляе па 600-700 быкоў вагой у сярэднім па 450 кілаграмаў. Іншым разам на мясакамбінаты адпраўляем па 3 машыны-скатавозы толькі ад групы Курбацкага.

Жывёлаводу нават у адпачынак няма калі хадзіць, на цяжкі аб’ект калегі не спакушаюцца, і мала хто пагаджаецца падмяніць даглядчыка. Фёдар Іванавіч – нязменны гаспадар над рагатым статкам вось ужо 11 гадоў.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика