«Меркулавіцкім вячоркам» – 50!
Запамінальна, весела і ярка прайшло ў Меркулавічах святочнае мерапрыемства з нагоды 50-годдзя заснавання фальклорнага калектыву «Меркулавіцкія вячоркі».
На святочнай сцэне артысты паказалі ўрывак-інсцэніроўку з традыцыйных меркулавіцкіх вячорак, праспявалі мясцовыя матывы, Любоў Галубіцкая развярнула мяхі гаварлівага гармоніка, затрасліся масніцы пад падэшвамі ботаў Васіля Лявончыкава, які спрытна выбіваў рускую «Барыню» з прыгаворамі. Агарнула цяплом, ап’яніла пачуцці матчына мудрая песня, закружыла ў віхуры настрою і эйфарыі «Меркулавіцкая кадрыля», палілася народная жыватворная мелодыя беларускага імпэту і самабытнасці. Асабліва кранула да сэрца дэманстрацыя відэасюжэта старога складу «Меркулавіцкіх вячорак» 1980-х гадоў. З экрана прагучалі галасы першапачынальнікаў па адраджэнні нацыянальных традыцый і культурнай спадчыны Алены Бозікавай, Яўгеніі Захарчук, Алены Лявончыкавай і іншых. Ва ўнісон дакументальнай стужцы ў святочнай зале зазвінелі напевы і найгрышы прадаўжальнікаў захавання мясцовых традыцый і фальклору, нібы занізкі на чырвоную стужку нанізваліся акорды жывой мелодыі, аўтэнтыкі і пазітыву.
Падзяліць радасць на ўрачыстасць да юбіляраў прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Юлія Басаргіна і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Кавалёва, загадчыца Меркулавіцкім яслі-садам Наталля Захарчук, работнікі раённага Дома культуры, прафсаюз і артысты народнага гурта «Вербіца». З рук гасцей кіраўнік калектыву Валянціна Лявончыкава прыняла Падзячны ліст ад старшыні райвыканкама Юрыя Дзеркачова і Ганаровую грамату за захаванне і папулярызацыю нацыянальных традыцый, а таксама падарункі, грашовыя сертыфікаты, музычныя віншаванні і шчырыя абдымкі. Асаблівая падзяка і ўвага была выказана таленавітаму музыканту і педагогу, ганарову грамадзяніну Чачэрскага раёна Любові Галубіцкай, а таксама самародку-віртуозу Васілю Казлову. Добрым словам успомнілі і тых, хто па розных прычынах не змог прыйсці на свята – Любоў Мясаедаву, Валянціну Павідзіш, Яўгенію Яшкову, Аляксея Казлова і інш. Атмасфера сяброўства, гармоніі, тэмпераменту і сіла мастацкага захаплення агарнулі ўсіх прысутных феерверкам таленту, унутранага запалу, мясцовага каларыту і духоўнага багацця.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.