Жаночыя лёсы: фарбы доўгага жыцця Лідзіі Сувалавай

Лідзія Сувалава

У гэтыя святочныя дні Старога Новага года жыхарка аграгарадка Отар Лідзія Сувалава адзначае сваё 85-годдзе.

Нарадзілася Лідзія Цімафееўна на хутары Сцяпан Разін Валгаградскай вобласці перад самай Вялікай Айчыннай. А калі грымнула вайна, бацька пайшоў на фронт. Ды так і не вярнуўся – малодшы лейтэнант, камандзір танка Т-34 Цімафей Летнікаў загінуў у лютым 1945 года. Застаўшыся ўдавой, маці асірацелай дзяўчынкі пераехала да родзічаў на Украіну. Там пазнаёмілася з добрым беларускім мужчынам, які абудзіў у сэрцы забытае пачуццё кахання і стаў ёй надзейнай падтрымкай. Аднойчы муж прапанаваў пусціць карані на яго малой радзіме. І ў 1950-м маладыя пасяліліся ў Отары ў яго бацькоўскай хаце. Хутка дом папоўнілі яшчэ 5 дзяцей. Усе яны вучыліся ў мясцовай школе. Тут прыгожая чарнявая Лідачка сустрэла сваю другую палавінку. Спачатку школьнікі проста сябравалі, а калі падраслі, пачуццё сяброўства перарасло ў больш моцнае. Так неўзабаве ўтварылася маладая шчаслівая сям’я.

Лідзія Цімафееўна ўвесь час працавала ў галіне жывёлагадоўлі: даглядала свіней, выпойвала малых цялятак, даіла ўручную вялікі калгасны статак кароў. У грамадскім клопаце, з рання да вечара ў працоўных буднях прайшлі 37 гадоў. Вольнага часу ў шматдзетнай матулі не было. Дома хапала работы з малымі дзецьмі, у агародзе, па гаспадарцы. А на ферме яе старанняў і моцных рук чакала рагатая жывёла. Усім трэба было аказаць увагу, усюды паспець і ўсіх даглядзець. За адказныя адносіны да справы жанчыну ўзнагародзілі медалямі «Ветэран працы» і «За працоўную доблесць», а яшчэ Медалём мацярынства. Сачыў за належным станам і здароўем грамадскага пагалоўя і яе муж, які працаваў ветэрынарам. У перапынках жа паміж калгаснымі турботамі гаспадар будаваў уласны драўляны дом, дзе потым і пасяліліся шчаслівыя навасёлы. Так у любові і згодзе, плячом да пляча 50 гадоў жылі і шчыравалі на карысць роднай гаспадаркі і сямейнай утульнасці муж і жонка Сувалавы. Выгадавалі 5 дзяцей, якія нарадзілі 6 унукаў і памножылі род яшчэ на 8 праўнукаў. Аднак радавацца за іх поспехі і ўдачы Лідзіі Цімафееўне даводзіцца адной. Вось і на яе юбілей за святочны стол збяруцца блізкія, акрамя мужа, з якім яе разлучыла смерць. На жаль, не парадуюцца за матулю і сын з дачкой – іх таксама заўчасна забрала зямля.

І ўсё ж ёсць падстава для настрою і шчодрага застолля. Бо за гэты час зроблена нямала, ахвяравана шмат дабрыні і цяпла, сабраны багаты ўраджай нематэрыяльнага сямейнага капіталу, жыццёвай мудрасці і каштоўнага душэўнага скарбу.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика