Жыве імя адважнага кулямётчыка Аляксея Філіпенкі
У Бабічах, на малой радзіме поўнага кавалера ордэнаў Славы Аляксея Філіпенкі, ёсць вуліца, названая ў яго гонар. Імя адважнага салдата Перамогі шануюць чачаране, памятаюць аднавяскоўцы.
Абаронца краіны нарадзіўся 3 красавіка 1925 года. Да вайны атрымаў няпоўную сярэднюю адукацыю – скончыў 7 класаў. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, хадзіў у мясцовы калгас на сяльгасработы. Вайну сустрэў у 16-гадовым узросце. А калі Чачэршчыну вызвалілі ад фашыстаў і хлопец дасягнуў паўналецця, пайшоў на фронт. Дома свайго героя засталіся чакаць маці, двое братоў і сястра. Наш мужны зямляк з баямі прайшоў дарогамі 1-га, 2-га і 3-га Беларускіх франтоў. Стралок-кулямётчык 457-га стралковага палка абараняў тэрыторыю роднай Беларусі, вызваляў гарады Гомель, Рагачоў, Магілёў і іншыя. У 1944-м уліўся ў рады камуністаў, што патрабавала ад воіна яшчэ большай рашучасці і бясстрашнасці. І ён не раз паказваў прыклад высокага патрыятызму: першым урываўся ва ўмацаванні праціўніка, узяў у палон фашысцкага афіцэра і некалькі гітлераўцаў, уратаваў жыццё і вынес з-пад агню баявога камандзіра. А аднойчы сам павёў за сабой салдат. Асаблівай адвагай наш зямляк вылучыўся ў разгроме нямецкай групіроўкі ва Усходняй Прусіі, адбіўшы 5 контратак ворага. І хоць смерць абыйшла яго, але варожая куля двойчы пагражала жыццю малодшага сяржанта. Апошні раз раненне ў галаву аказалася цяжкім. Байца накіравалі ў ваенны шпіталь непадалёк ад Свяцілавіч. Для Аляксея гэта быў шанец сустрэцца з сям’ёй, ён прыходзіў дадому, каб абняць блізкіх, і затым вяртаўся на лячэнне. Калі падмацаваў здароўе, зноў адправіўся на перадавую. За баявыя заслугі і смеласць салдат Перамогі ўзнагароджаны ордэнамі Славы трох ступеняў і медалём «За адвагу».
Вайна для Аляксея Філіпенкі скончылася ў 1947 годзе, а новым месцам жыхарства стаў горад Калінінград. Сваю сям’ю Аляксей Апанасавіч не стварыў, аднак часта прыязджаў на Чачэршыну – адпачыць душой і сэрцам, удыхнуць паветра вызваленай ім зямлі з водарам спелай антонаўкі, чабраца і духмянага сена. Зямля бацькоў ніяк не адпускала свайго вернага сына і вызваліцеля. І аднойчы, у жніўні 1957-га, пры чарговай сустрэчы з малой радзімай Аляксею Філіпенку раптам стала дрэнна. А ў хуткім часе ён памёр. Пахавалі героя на мясцовых могілках у Бабічах. Імя смелага абаронцы радзімы носіць вуліца яго вёскі. Землякі нізка кланяюцца подзвігу і мужнасці салдата Перамогі.
Яніна ДАНОВІЧ.
Фота з архіва.