На завулку Партызанскім у Бабічах жывуць нашчадкі партызана
Ціха і мірна працякае вясковае жыццё ў Бабічах: жанчыны паляць печы, грукаюць сякерамі гаспадары, над хатамі кружаць чырвонадзюбыя буслы. А пенсіянер Аляксандр Шкалянкоў з самай раніцы з вудай каля пажарнай копанкі цікуе карасёў і плотак. За гэтым заняткам я яго аднойчы і застала.
Калі запыталася, ці клюе рыба, Аляксандр Якаўлевіч з роспаччу махнуў рукой. Маўляў, якое там, зусім не шанцуе. Я прысела побач і мы разгаварыліся. Мужчына расказаў, што 40 гадоў аддаў калгаснай справе, працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады, уліччыкам і нават доярам. Працоўны стаж у галіне сельскай гаспадаркі складае 41 год.
«А зараз вось сілы пакінулі, толькі і застаецца, што «паляваць» каля вадаёма. Хоць улоў і ніякі, але затое ёсць магчымасць адпачыць і збіць ахвоту, – усміхаецца аматар рыбнай лоўлі. – Яшчэ крыху пасяджу і пачэпаю дадому, мая маладзіца ўжо сняданак падрыхтавала».
А на падворку і сапраўды поўным ходам ішла работа, у пярэдняй хаце з чыгунамі і віламі завіхалася Надзея Фамічна. У печы весела скакалі языкі полымя, раз-пораз патрэсквалі бярозавыя дровы і ў паветры пахла смажаным салам з яечняй. Ад такой маляўнічай вясковай карціны аддавала ўтульнасцю, цяплом і блізкім сэрцу подыхам дзяцінства. Я запрасіла гаспадыню да размовы, і яна расказала, што 34 гады даіла калгасны статак кароў. Спачатку ўручную па 25-28 галоў, а калі перайшлі на электрычную дойку, абслугоўвала за паўсотню рагунь. Тыя першыя 15 гадоў працы на ферме сёння, што называецца, выходзяць бокам – ныюць рукі, падводзіць здароўе. Аднак слабінку хваробе жанчына не дае: на двары і ў пакоях чыста і акуратна, на стале сытна, а ў пограбе – поўна.
– Мы з мужам ведаем цану хлебу і кавалку сала, бо нарадзіліся ў пасляваенны час, калі краіна толькі пачала адраджацца ад разрухі, – разважае Надзея Фамічна. – І гэта яшчэ не бяда. А вось нашым продкам давялося хлебануць гора. Бацька майго Сашы – Якаў Восіпавіч Шкалянкоў – у вайну пайшоў у партызаны. За тое карацелі схапілі яго цяжарную жонку Марыю і чацвёра дзяцей. Іх растралялі пад шырокім вязам вунь там, прама насупраць нашай хаты. Самай малодшай Каці ледзьве споўнілася 4 гады, Алешу было 8, а Леначцы 13. Сярэдні – Міколка. Сярод іх не было толькі 15-гадовага Сашы. Дый і яго затым забілі ў Свяцілавічах. А завулак у Нісімкавічах, дзе адбылася гэта трагедыя, потым назвалі Партызанскім. Тут мы і жывём з мужам. Дарэчы, раёнка ж пісала пра той выпадак…
Ад Надзеі Фамічны я даведалася, што пасля вайны Якаў Восіпавіч у значальваў мясцовае аддзяленне сувязі, ажаніўся на Таццяне, якая была маладзей за яго на 20 гадоў. Яна пэўны час працавала фельчарамакушэрам на ФАПе і заўчасна памерла. У сумесным шлюбе Шкалянковы нарадзілі сыноў Аляксандра і Уладзіміра. Яны з трапяткімі пачуццямі адносіліся да бацькі, які згубіў на вайне сваю першую сям’ю. Аднак у братоў, на жаль, не засталося нават татавага здымка – сямейны фотаархіў згарэў разам з хатай падчас пажару.
Аляксандр і Надзея Шкалянковы плячом да пляча 53 гады. Лёс падараваў ім двух дачок, шасцёра ўнукаў і праўнукаў. Усе дзеці жывуць на малой радзіме, шчыруюць на карысць роднага краю і ўласнага дабрабыту. Ладзячы шчаслівы дом, яны не забываюць, каму абавязаны за чыстае неба, спакойны сон і светлы мірны ранак.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.