ЗАШУМЯЦЬ НА ПАЛЕТКАХ МАТОРЫ
Да пачатку ўборачнай, а першымі пойдуць пад нож камбайнаў азімы рапс і раннія зерневыя, засталіся лічаныя дзянькі. Як жа рыхтуюцца аграрыі раёна сустрэць свята першага снапа? Пра падрыхтоўку тэхнікі да жніва расказвае начальнік аддзела інтэнсіфікацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Мікалай МІХАЛКОЎ:
– Усяго ў раёне на хлебныя палеткі плануецца вывесці 55 адзінак зернеўборачных камбайнаў, сярод якіх 27 КЗС-1218, 25 – КЗС-10. Напярэдадні ўборачнай была распрацавана Праграма па падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ, у прыватнасці, па рамонту зернеўборачных камбайнаў. У ходзе яе рэалізацыі арганізоўваліся разнастайныя мерапрыемствы, праводзіліся штотыднёвыя маніторынгі. Вялікую дапамогу ў гэтым плане аказала ААТ “Чачэрскагратэхсервіс” (в.а. дырэктара В.Асіпенка), дзе прайшлі “лячэнне” камбайны, занятыя на ўборачных работах мінулага года. Хочацца адзначыць з лепшага боку зацікаўленасць і высокі працоўны тэмп у гэтым плане кіраўніцтва ААТ “Отар” і ААТ “МатнявічыАгра”, на завяршальным этапе рамонтныя работы ў гаспадарках “РоўкавічыАгра”, “Батвінава” і “Вазнясенск”. Для аператыўнага фінішыравання на рамонце былі прыцягнуты механізатары УП “Чачэрскае ПМС” і КЖУП “Чачэрскае”, якія потым сядуць за штурвалы зернеўборачнай і грузавой тэхнікі. Сярэдняя нагрузка па раёну на адзін камбайн складае 240 гектараў сельгасугоддзяў. Самая высокая магутнасць уборачных плошчаў выпадае на батвінаўскіх, роўкавіцкіх і матнявіцкіх хлебаробаў. Так, нас чакае гарачая і напружаная хлебная пара. Думаю, што будзе куды цяжэй, калі працэсу жніва пашкодзіць надвор’е. Таму звяртаюся да мясцовага насельніцтва – паважаныя механізатары, вадзіцелі, камбайнёры. Жадаючыя прыняць удзел у агульнанароднай сельскагаспадарчай кампаніі па ўборцы ўраджаю могуць звяртацца па тэлефонах 3-13-35 (аддзел інтэнсіфікацыі) і 3-11-19 (прыёмная сельгасупраўлення). Вас чакаюць залатыя палеткі, трактары і камбайны, вам будуць рады на зернетаках. Прыходзьце, правядзём уборку 2014 года якасна і ў тэрмін.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.