РУПЛІВЫЯ РУКІ НЕ ВЕДАЮЦЬ СТОМЫ
У тым, што чачэрскія прылаўкі насычаны разнастайнай мясной прадукцыяй – частка прыкладзеных намаганняў аператара на дарошчванні ААТ “Отар” Сяргея Міхайлава. У сферы жывёлагадоўлі ён не адзін год, і таму добра ведае тэхналогію вырошчвання бычкоў. А па выніках працы за мінулы год перадавы работнік занесены на раённую Дошку гонару.
У групе Міхайлава сёння налічваецца 177 галоў мяснога пагалоўя. Але мы сёння не будзем гаварыць аб працоўных заслугах жывёлавода, пра тое вядома і без высакамоўных слоў. Нам цікава даведацца, чым жа займаецца старанны даглядчык за межамі вытворчай тэрыторыі. Наведаўшыся да яго ў вёску, давялося застаць Сяргея Аляксеевіча за звычайнай сялянскай справай: мужчына завіхаўся каля падворка, рыхтуючыся аднавіць агароджу. Наогул, ён у хаце – галава, як і мае быць. Усе гаспадарчыя пабудовы на двары ўзведзены яго рукамі, у хлеве мыкае карова, рохкаюць двое парсючкоў, яйкамі і дыетычнымі кумпячкамі забяспечваюць сям’ю каля васьмі дзясяткаў хатняй птушкі. Знойдзецца да абедзеннага стала і хвост рыбы – Сяргей Аляксеевіч аматар “ціхага палявання”. Калі пашанцуе, дык і на вячэру нешта застанецца ад улова. Але, на жаль, не заўсёды даводзіцца пасядзець з вудай каля рэчкі – клічуць працоўныя клопаты на ферме. А выхадных дзён выпадае не так шмат. Тым не менш, як сцвярджае жывёлавод, сваю вёску ён не змяніў бы на горад. Калі ёсць галава і рукі – жыць годна можна і на бацькавай зямельцы. Адно хвалюе – моладзь выязджае, пакідае малую радзіму, значна сціхлі дзіцячыя галасы на вуліцы. А колісь толькі з чатырох хат за парог бывала як высыплюць 23 басаногія гарэзы – галдымер вышэй шатаў бяроз падымаўся. Цяпер не той час, і добра, калі да бацькоў на святочную ўрачыстасць прыедуць дзеці. Дарэчы, у Сяргея Аляксеевіча іх двое: сын Дзмітрый і дачка Кацярына маюць вышэйшую адукацыю. Да бабулі з дзядулям наведваюцца ў госці двое ўнукаў – самы каштоўны падарунак лёсу. Ну, чаго яшчэ жадаць ад будучага? Аказваецца, ёсць пэўная мара ў дбайнага пазітыўнага спадара Міхайлава – каб пражыць яшчэ адно жыццё. Гады мінаюць, час імчыць, а яшчэ столькі ўсяго хочацца паспець! Безумоўна, калі б такое жаданне споўнілася, па-ранейшаму ў першы рад свайго існавання на гэтым свеце клапатлівы вясковец паставіў бы сям’ю і работу. Мажліва, яна была б нейкай іншай, але, бясспрэчна, такой жа прымальнай і любімай. І прозвішча нашага земляка гучала б на такой жа высокай ганарлівай ноце.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.