Бабушка белорусского писателя Владимира Короткевича жила и работала на Чечерщине
Чечерский район приютил и дал путевку в жизнь многим известным ученым, творческим личностям и просто одаренным и трудолюбивым людям. На какое-то время Чечерщина стала малой родиной для бабушки известного белорусского классика.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Чачэрскі край і яго зямля далі прытулак і старт у добрае жыццё многім вядомым навукоўцам, таленавітым творцам і проста здольным і старанным працаўнікам. На кароткі час Чачэршчына стала малой радзімай і для бабулі вядомага беларускага пісьменніка, публіцыста і сцэнарыста Уладзіміра Караткевіча.
Інфармацыю пра тое знайшоў у пэўных вытоках былы настаўнік Нісімкавіцкай школы, член раённага аб’яднання краязнаўцаў «ЧАК» Аляксандр Ганчароў. Згодна атрыманым дадзеным, пасля заканчэння жаночай духоўнай семінарыі Ганна Францаўна Пашкевіч у 1883 годзе працавала настаўніцай Нісімкавіцкага пачатковага вучылішча. Так як 26 ліпеня 1864 года ў Расійскай імперыі былі зацверджаны Палажэнні аб пачатковых вучылішчах і абноўлены Статус гімназіі, то гэты дзень можна лічыць днём заснавання Нісімкавіцкага пачатковага народнага вучылішча.
– Згодна архiўным дакументам, першым настаўнiкам i законавучыцелем вучылішча быў святар Нісімкавіцкай Свята-Георгіеўскай царквы Фёдар Iгнатавiч Мiгай, – удакладняе Аляксандр Сяргеевіч. – Адметна, што навучала нісімкавіцкую моладзь грамаце і Закону Божаму таксама Ганна Францаўна. Тут яна пазнаёмілася з Васілём Юльянавічам Грынкевічам, які працаваў у Чачэрску лясным аб’ездчыкам у графа Круглікава-Чарнышова. Васіль нарадзіўся ў 1861 годзе ў Краснаполлі. Гэта быў чалавек магутнага целаскладу. У свой час скончыў Гомельскае духоўнае вучылішча. Але ў семінарыю не пайшоў. І ўвогуле адмовіўся быць святаром. Хутчэй за ўсё таму пасадзейнічала знаёмства з Ганнай. Маладыя людзі часта сустракаліся ў Нісімкавічах і пакахалі адзін аднаго. Прыгожая дзяўчына паставіла ўмову, што яна выйдзе замуж толькі, калі Васіль пяройдзе на дзяржаўную службу. Хлопец згадзіўся і неўзабаве яны пераехалі ў Мсціслаў. Там Васіль паступіў на працу ў казначэйства пісарам. Пазней жылі ў Чэрыкаве, Оршы, Магілёве і Рагачове. Васіль займаў пасаду губернскага казначэя і даслужыўся да надворнага саветніка, што адпавядае чыну падпалкоўніка ў арміі. Было ў іх з Ганнай чацвёра дзяцей: Сяргей 1891года нараджэння не вярнуўся з Першай сусветнай вайны; Надзея – маці Уладзіміра Караткевіча; Яўгенія і самая малодшая Ніна, якая памерла ў 1993-м ва ўзросце 89 гадоў. Самой жа Ганны Францаўны не стала ў жніўні 1906 года, яна была пахавана на старых могілках у Рагачове.
Як сцвярджаюць гісторыкі, Уладзімір Караткевіч любіў сваіх бабулю і дзядулю, а Васіль Грынкевіч наогул аказаў вялікі ўплыў на свайго ўнука. Пісьменнік узяў яго асобу за прататып Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Менавіта ад дзеда Караткевіч пачуў легенду «Мать Ветра» пра падзеі Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў. А таксама многія іншыя дзядуліны расповяды сталі вытокам будучых твораў аўтара. Самымі ж вядомымі, якія прынеслі пісьменніку неўміручую славу і прызнанне, з’яўляюцца «Дзікае паляванне караля Стаха», «Хрыстос прызямліўся ў Гародне», «Сівая легенда», «Нельга забыць» і іншыя. А за раман «Чорны замак Альшанскі» класіка ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа. Яшчэ ён стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі СП БССР імя Івана Мележа, у скарбонцы яго дасягненняў ордэн Дружбы народаў і інш.
Валентина ПРАНКЕВИЧ.