В Коммуно-Ленинской школе дружным педколлективом учат ребят доброму и светлому
В этом году школьный звонок, позвавший ребят из Коммуно-Ленинской школы за парты, прозвенел в 85-й раз за всю историю учебного заведения. Много лет назад здесь начался учебно-воспитательный процесс местной детворы: от первых учеников Селянина и Коммуны до нынешних школьников.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Настаўнікам і вучням мінулых пакаленняў на працягу гэтага перыяду давялося перажыць нямала. Першы будынак пачатковай школы меў драўляныя сцены і размяшчаўся на месцы сучаснага Дома культуры. Але віхура часу вярцела жыццём і лёсам людзей, над вёскай чорным воранам кружыла смерць і разруха, гарэлі хаты і разрываліся бомбы пад час ваеннага ліхілецця. Цяжкім быў перыяд пасляваеннага аднаўлення. Аднак насуперак усяму парушанае адбудоўвалася, і ў школьных класах чуліся дзіцячыя галасы. У 1965-м школа займела статус «Камуна-Ленінская васьмігадовая школа», а яе першы выпуск адбыўся ў 1970 годзе. Калі ў Вазнясенскім пажарам быў пашкоджаны дзіцячы садок, паўстала пытанне рэарганізацыі ўтановы ў дзіцячы сад-базавую школу. У 2011 годзе тут адкрываецца другая рознаўзроставая група для дашкалят. Школа перажыла і разруху, і пажар 1973-га, і перыяд добрых перамен.
Загадчыкамі вясковай установы адукацыі ў розныя гады былі Н.Маскаленка, Марыя Крупенькіна, Яўген Ястачкін, Рыгор Пернікаў, Вячаслаў Гулевіч, Ганна Хрысціна, Уладзімір Ганчароў. Навучалі дзяцей светламу і разумнаму настаўнікі Раіса Андрэева, Ніна Ястачкіна, Галіна Карчэўская, Рыгор Калеснікаў, Людміла Балотнікава, Ніна Ключынская, Лідзія Драбышэўская, Тамара Івалгіна і многія іншыя.
Са школы выйшлі ў свет дбайныя ўладары зямлі, настаўнікі, спартсмены, медыцынскія і культработнікі, навукоўцы і проста добрыя людзі. Шмат выпускнікоў атрымалі вышэйшую адукацыю і працуюць на пасадах кіраўнікоў, выкладчыкаў ВНУ, галоўных спецыялістаў. А прозвішчамі беларускага і савецкага паэта-франтавіка Леаніда Гаўрылава і чэмпіёнкі свету па акадэмічнай грэблі Зінаіды Ключынскай ганарыцца ўся Чачэршчына.
Сёння ў Камуна-Ленінскай школе навучаецца 44 вучні, наведваюць садок 15 дашкалят. У штаце 18 педагогаў, сярод якіх аксакалы сваёй справы настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Нажэева і матэматык Таццяна Барысенка, настаўніца пачатковых класаў Ірына Манькова і фізрук Сяргей Рудзін, выхавацель дзіцячага садка Таццяна Маслава і іншыя. Дзякуючы вопыту і старанням настаўніка гісторыі Уладзіміра Мохарава рабяты заваёўваюць прызавыя месцы ў конкурсах па дадзенаму прадмету. Напрыклад, вучань 5 класа Яраслаў Хаткевіч заняў 1 месца ў другім этапе абласной алімпіяды. Разам з тым паказваюць лепшыя прафесійныя якасці маладыя спецыялісты Юлія Трусей і Юлія Халяўкіна.
Трэці год кіруе калектывам дырэктар установы адукацыі Кацярына Зорына.
«У нашай школе працуюць таленавітыя майстры сваёй справы, якія ахвяруюць уласныя сілы і сэрца дзецям, – дае адзнаку агульнаму клопату педагогаў Кацярына Сяргееўна. – Для рабят створаны належныя ўмовы для навучання, рэалізацыі творчага патэнцыялу, а таксама працоўнага выхавання на прышкольным участку. У развіцці музычных здольнасцей дапамагаюць выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў. Дзейнічаюць 4 гурткі па інтарэсах. Даведацца пра гісторыю краю, вясковага побыту беларусаў і вялікага подзвігу савецкага народа дапамагае музейны пакой, які папаўняецца новымі экспанатамі дзякуючы намаганням зноў такі Уладзіміра Мохарава. Рабяты, атрымаўшы атэстаты, шукаюць сваю сцяжынку жыцця надалей. Скажам, адна выпускніца гэтага года паступіла ў Горацкі педагагічны, а другая ў Рэчыцкі аграрны каледжы. Лічу, што ў нашай вясковай установе ёсць усё набходнае для таго, каб атрымаць добрыя веды і абраць у будучым прафесію па душы. А за камфорт і ўтульнасць класаў хачу падзячыць нашых спонсараў – кіраўнікоў гаспадарак «Звязда» Галіну Трыбунах і «Вазнясенск» Арцёма Ермака».
Гледзячы на той шлях, што прайшла селькая школа, не пакідае пачуццё гонару за тое, як трапятка тут адносяцца да захавання гісторыі. Дзеці і настаўнікі добра ведаюць пра дзень учарашні. Без мінулага няма будучыні – гэтай ісціне надаецца вялікі сэнс і павага. І так добра на душы, калі бачыш, як жыве школа днём сённяшнім, наколькі яна прыгожая і ўтульная, з якім высокім пачуццём адказнасці тут навучаюць і выхоўваюць нашу юную змену.
Валентина Пранкевич.
Фото автора.