Путь Зои Конопляник в профессию педагога – по примеру родителей
Учительница белорусского языка и литературы Ботвиновской школы Зоя Конопляник в области педагогики почти 30 лет. А пошла в профессию сельская девчонка по примеру своих родителей и тети – Марии Казаковой.
Текст автором подготовлен на белорусском языке.
Маці і бацька Зоі Серафімаўны таксама вялі прадметныя заняткі ў мясцовай установе адукацыі – Ганна Андрэеўна навучала школьнікаў рускай мове і літаратуры, а Серафім Уладзіміравіч далучаў рабят старэйшых класаў да роднай гаворкі. У малодшых жа выкладваў урокі нямецкай мовы. Дома ў хаце Міхалёнкаў была свая, сямейная школа – сшыткі, падручнікі, дзённікі, праверка кантрольных, настаўніцкія планы. Гледзячы, як старэйшы брат Уладзімір старанна водзіць пальцам па старонках буквара і рыхтуе хатняе пісьмовае заданне, Зоя паўтарала следам за ім і чытанне, і матэматыку. Так у няпоўныя 6 гадоў яна навучылася чытаць і лічыць.
«Мяне прынялі ў школу раней неабходнага ўзросту, але ў першым класе вучыцца было нецікава – я ўжо ведала алфавіт і ўмела пісаць», – усміхаецца Зоя Серафімаўна.
Атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, працавала затым тут жа старэйшай піянерважатай, а потым адвезла дакументы ў Гомельскі ўніверсітэт і завочна скончыла філалагічны факультэт. Як прызналася Зоя Серафімаўна, работа прываблівае творчасцю і цесным кантактам з дзецьмі. З імі і душой маладзееш, і для смутку часу не бывае. Кожны дзень – нешта новае, незвычайнае. Бывае, так захопішся выкладаннем новай тэмы, што нават не заўважаеш, як прабягаюць хвіліны.
Зоя Канаплянік ужо на заслужаным адпачынку, але яшчэ не плануе развітвацца са школай, бо вопыт і высокія прафесійныя здольнасці аксакала педагагічнай справы патрэбны роднай установе адукацыі. Трэба сказаць, што яе дачка і сын таксама зацікавіліся спецыяльнасцю педагога – Леанід скончыў геолага-геаграфічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны, а Таццяна атрымала вышэйшую адукацыю ў Рымскім універсітэце. Зоя Серафімаўна спадзяецца, што і нехта з сёняшніх вучняў выбярэ для сябе гэту высакародную прафесію. Трэба толькі іх правільна выхаваць і натхніць. Але галоўнае, каб яны сталі добрымі людзьмі. Настаўнік, як дырыжор, а дзеці – аркестр, лічыць настаўніца. Якую музыку наладзіш, так яна і загучыць.
Валентина БОГДАНОВИЧ.
Фото автора.