СВАЁЙ СПРАВЫ ВІРТУОЗ
Трактарыст-машыніст першага класа з КСУП «РоўкавічыАгра» Аляксандр Ткачоў упэўнены: толькі тады можна разлічваць на станоўчы вынік, калі працаваць з душой і не ўхіляцца ад адказнасці. Атрымаць добры заробак магчыма пры ўмове поўнай аддачы сваіх сіл, тады і зямля адорыць шчодрымі пладамі. Трэці год малады араты ездзіць на працу з Сапрык у Роўкавічы, пераадольваючы больш за пятнаццаць кіламетраў шляху. Тут яго чакаюць калегі і ўрадлівае поле, а яшчэ тры адзінкі сельскагаспадарчай тэхнікі, замацаванай за старанным хлебаробам і на якую механізатар садзіцца па меры неабходнасці згодна з сезонным цыклам работ. Апошнім часам Аляксандр быў заняты на корманарыхтоўцы, здрабняючы магутнымі нажамі жаткі КВК-800 кукурузнае сцябло на сілас. «Нагрузак баяцца не трэба, – усміхаецца ён. – Да любой справы неабходна ставіцца адказна, тады і ў працоўных планах усё атрымаецца, і ў кішэні будзе поўна». Такому аптымізму ёсць рацыя, а слушным парадам – месца. Перш, чым атрымаць хоць нейкі даход, варта ўкласці пэўную порцыю ўласных намаганняў, а тым больш пры ўмове стварэння эканамічнай стабільнасці і дабрабыту прадпрыемства і людзей. Як кажуць, ад агульнага да прыватнага. Каб усім было і ўтульна, і камфортна, і радасна.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.