ЗА ПРАЦАВІТАСЦЮ Ў КІШЭНЮ НЕ ЛЕЗЦІ
За мінулы год адзін з лепшых паказчыкаў у параўнанні з папярэднім годам па прыросту надояў на карову быў дасягнуты ў КСУП “Палессе”. І хоць вынікі тут пакуль не самыя высокія, але 3304,6 кг усё ж на 1376,7 кілаграма больш, чым атрымала гаспадарка ў 2008 годзе. А гэта значыць, што калі працаваць і надалей у такім жа тэмпе, поспех гарантаваны. Так, лепшыя дасягненні ў аператара машыннага даення Валянціны Мельнікавай, якая за мінулы год надаіла на карову 3384 кілаграмы малака. Не на шмат адстала ад яе і Святлана Пісарэнка (3300 кг). Па плану на бягучы год у гаспадарцы трэба атрымаць малака на карову 3687 кілаграмаў. У сельгаспрадпрыемстве не толькі вытворчасць малака павышаецца, але таксама паляпшаецца стан жывёлагадоўчых памяшканняў. За мінулыя лета-восень на МТФ “Балсуны” перакрылі дахі, адрамантавалі хлявы для ўтрымання цялятак ва ўзросце ад трох да шасці месяцаў, на ферме “Палессе” адрэканструявалі і ўвялі ў эксплуатацыю два хлявы, дзе на глыбокім подсціле гадуюцца цёлачкі. Праўда, прывагі тут пакуль не самыя высокія па гаспадарцы, але работнікі ўпэўнены, што гэта толькі напачатку. А вось дасягненні Ганны Болсун (на здымку), якая даглядае маладняк на МТФ “Балсуны”, заўсёды ставяцца ў прыклад. За мінулы год сярэднесутачныя прывагі склалі 687 грамаў. Зараз у групе жанчыны 53 галавы БРЖ, а летам аж 112 цялятак знаходзілася пад апекай стараннага жывёлавода. У гаспадарцы Ганна Іванаўна з 1986 года. За гэты час змяніла некалькі прафесій: працавала ў сталовай, была лабарантам, аператарам машыннага даення, а апошнія 15 гадоў прыкладае ўсе намаганні, каб як мага хутчэй падрасціць нованароджаных бычкоў і цялушак, якія знаходзяцца пад пільным вокам жанчыны пакуль ім споўніцца тры месяцы. Яе гадаванцы становяцца на ногі ў індывідуальных доміках. Асабліва цяжка ў маразы. “Падобнай зімы даўно не было, у такіх умовах не толькі нам, людзям, цяжка, але і за маленькіх гарэз боязна. Вось разам і змагаемся, пакуль вытрымліваем. Мая група знаходзіцца ў новых доміках халоднага вырошчвання, у якіх больш утульна і цёпла. Ды і мне прасцей працаваць”, – дзеліцца вопытам Ганна Болсун. Дарэчы, у ліку перадавых працаўнікоў яна знаходзілася заўсёды, і яе поспех – свайго роду заканамернасць, бо стараннасць і працавітасць у іх сям’і перадаецца ў спадчыну. У гаспадарцы таксама працуюць браты Ганны, а ў свой час завіхаліся і бацькі.
Як відаць, КСУП “Палессе” пашчасціла з працаўнікамі, а таму і поспех сельгаспрадпрыемству гарантаваны.