ЖЫВІ І ПОМНІ
На мінулым тыдні пераймалі эстафету патрыятычных спраў у Бабіцкім яслі-садзе – сярэдняй школе. Тут таксама быў арганізаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных ваенна-вызваліцельнай тэматыцы. Не абышлося без кніжнай выставы, якая атрымала назву «Паклонімся вялікім тым гадам».
На працягу тыдня праходзілі спартыўнае свята, выстава малюнкаў і плакатаў «Перамога дзеда – мая Перамога», конкурс чытальнікаў «Герояў памятаеш, вучань», конкурс ваеннай патрыятычнай песні і іншыя. А заключным і самым яскравым акордам стала літаратурна-музычная кампазіцыя «Жыві і помні», на якую былі запрошаны працаўнікі тылу. Вучні чыталі вершы і спявалі песні, паэтапна расказалі пра баявыя дзеянні, узгадалі найбольш значныя падзеі ў вызваленні нашай Радзімы. Мерапрыемства было прасякнута атмасферай успамінаў і смутку. Хвалюючыя моманты прымушалі задумацца над гісторыяй не толькі гасцей, якія на свае вочы бачылі жахі вайны, але і дзяцей, якія пра тыя падзеі глядзяць па тэлевізары.
Наталля СУВАЛАВА.