Такое блізкае далёкае чачаран…
Уключаю тэлебачанне і зноў натыкаюся на такую знаёмую і блізкую тэму жыцця пры Савецкім Саюзе. З экрана тэлевізара распавядаецца пра сялянскую касавіцу, будаўніцтва БАМа, урачысты прыём у камсамол і вялікае пачуццё патрыятызму ўсяго народа. У рэдакцыйных архівах раённай газеты таксама захаваліся некаторыя фотаздымкі таго савецкага перыяду, калі хоць і не мелі крутых «тачак» і смартфонаў, затое ўмелі радавацца за іншых і валодалі станоўчымі якасцямі характара.
Вось на гэтым патрыманым фотаздымку зафіксаваны момант святкавання адной з дзяржаўных урачыстасцяў сярэдзіны 1960-х – хутчэй за ўсё 9 Мая або дзень вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гляньце, якое маладое моцнае пакаленне на першым плане! Гэта цяперашнія пенсіянеры, а многіх ужо і зусім няма. У кожнага склаўся шчаслівы ці салёны лёс, яны пайшлі сваім асобным удалым або выбоістым шляхам, выбралі для сябе будучыню на радзіме, а магчыма, аселі на чужыне. Але тады ўсіх звязваў адзін клопат, адны мары, адно свята. Языкі пажару 1974 года яшчэ не кранулі вежаў гарадской ратушы. Раённая Дошка гонару, як бачым, размяшчалася тады каля будынка райвыканкама. А былы магазін «Прадукты», затым «Кнігі», сёння кафэ «Летняе» пакуль што, як прагледжваецца, стаіць з драўлянымі сценамі.
У сучасны час розныя фэсты і культурна-масавыя мерапрыемствы праходзяць на тым жа месцы, з тым жа духоўным уздымам, але ўсё ж такі адрозніваюцца. Па-першае, з 60-х набылі больш пястраты прыбраны выгляд як самі жыхары, так і цэнтральная плошча. Некалі густую пасадку сквера прарэдзілі і высцелілі асфальтаваныя дарожкі, паставілі лаўкі для адпачынку. А яшчэ раней, гадоў за 10 да гэтага, знеслі аўтобусную станцыю, аднапавярховы дом паштовага радыёвузла, любімую ўсімі наведвальнікамі закусачную «Блакітны Дунай», перазахавалі астанкі загінуўшых салдат з адзіночных магіл у брацкую на Замкавай гары і пасадзілі на вызваленых месцах канадскія клёны, устанавілі трыбуну каля помніка У.І Леніну. Аднак падчас аналагічных рэстаўрацыйных работ у 2009 годзе яе зноў разбурылі.
Хто ведае, якія вятры пераменаў уварвуцца ў лёс старажытнага Чачэрска. Але, дай Божа, каб яны былі толькі станоўчыя, стваральныя і жыццесцвярджальныя.