ВЯРНУЦЬ ЛЮБОЎ ДА ЗЯМЛІ

З даўніх часоў чалавек апрацоўваў зямлю, даглядаў жывёлу, каб пракарміць сваю сям’ю. Хлеб, бульба, сала, малако, вяршкі, твораг – усё гэта заўжды было на стале працавітага селяніна. Многія не пагадзяцца, што і сёння гаспадару не трэба асабістых намаганняў, каб мець на стале гэтыя прысмакі. Аднойчы свае меркаванні выказаў дваццацігадовы вясковы хлопец Сяргей. І справа ўвогуле не ў прадуктах харчавання, а ў адносінах сённяшняга беларуса да зямлі-карміцелькі. Раней чалавек імкнуўся мець свой хоць маленькі кавалак зямлі, каб была магчымасць апрацоўваць глебу, вырошчваць і збіраць ураджай. А зараз што? У многіх маюцца соткі: у каго больш, у каго менш. Аднак, як балюча глядзець на тое, у якім стане знаходзяцца ўрадлівыя землі. Паросшыя бур’янам, яны нават забылі, калі апошні раз на іх каласілася жыта. Маладыя вясковыя сем’і набываюць прадукты харчавання ў мясцовых крамах. І гэта ў той час, калі на сваёй зямлі расце пустазелле. Набываюць на базары свяжыну, калі ў сваіх хлявах не чуваць гукаў жывёлы. Магчыма, такое становішча склалася дзякуючы развіццю гандлёвых сетак на вёсцы. Сапраўды, навошта выбівацца з усіх сіл. Дзеля двух літраў малака трымаць на падвор’і карову, клапаціцца аб назапашванні для яе сена, саломы, калі гэты прадукт можна набыць ў любы час па даступнай цане ў магазіне. А што рабіць з лішкамі малака, здаваць іх дзяржаве па нізкіх цэнах? І як быць тады, калі паша знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад дому? Такія меркаванні амаль у большасці насельніцтва. Аднак, упэўнены вясковец, што сучасны селянін адвык ад сапраўднай працы, вось і шукае прыкрыццё ў часовых нязручнасцях. Але ўсё ж такі знаходзяцца і такія людзі, хто, нягледзячы на ўсе складанасці, не ў’яўляе свайго жыцця без сялянскай працы. Як правіла, гэта прадстаўнікі сталага пакалення, у большай частцы – жанчыны. Менавіта яны, не звяртаючы ўвагі на гады, на недахоп здароўя, па-ранейшаму аддаюць свае сілы дамашняй гаспадарцы. Бо яна для іх – справа жыцця. Пенсіянеры з маленства добра ведаюць: веснавы дзень год корміць. І таму як ты апрацуеш зямлю сёння, так яна аддзячыць цябе заўтра.
Вольга ПАЎЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика