Старажылы Чырвонага Дварца
Сярод ляснога гушчару, непадалёк ад старога Сожа ў маўклівым задуменні сцішыўся невялікі глухі пасёлачак. Калісь у Чырвоным Дварцы на паўтары дзясяткі хат было шумна і весела, на палях і агародзе кіпела работа. Цяпер жа тут толькі вецер хістае высокія шаты зялёнай хвоі, ды густа разрастаецца хмызняк. З карэнных жыхароў засталося ўсяго нейкіх тры сям’і, на лета прыязджаюць некалькі дачнікаў. Пазарасталі сцяжынкі, па якіх некалі хадзілі людзі.
Аднак да парога Аляксея Аляксандравіча і Зінаіды Мікалаеўны Фяськовых па-ранейшаму ідуць і едуць дзеці, каб дапамагчы бацькам па гаспадарцы. Узрост у старажылаў салідны – абодва размянялі па дзявятаму дзясятку, перамяшчацца без драўлянага «каня» яны ўжо не могуць. А не так даўно якая сіла ў руках была! І гаспадарку добрую трымалі: каровы, свінні, гусі, авечкі, уласны конь. Раніцай пакуль усіх накорміш, самому есці часу не хапала. Так і беглі на працу, прыхапіўшы па дарозе кавалак хлеба. Між іншым, працоўны шлях пенсіянераў пралёг праз клопат аб калгасным, грамадскім, бо ўдваіх шчыравалі на карысць роднай гаспадаркі. Потым Аляксей Аляксандравіч тры дзясяцігоддзі быў лясніком і лічыўся перадавіком вытворчасці, а яго палавіна да апошняга дня на зернетаку, каля бульбяных буртоў, на сенакосе, у паляводчай брыгадзе. А яшчэ ж бацькам і траіх сыноў гадаваць трэба было. Абавязкова збегаць па грыбы і ягады, спаймаць плотку ці карасіка.
Муж і жонка Фяськовы ў адной хаце, пад аднымі абразамі, ля адной печы вось ужо 64 гады. Дачакаліся ўнукаў і маюць 10 праўнукаў. Здавалася б, толькі жыць і жыць, але спаўна радавацца сонечнаму дню не дазваляюць хворыя суставы, губляецца зрок, прападае слых. Хутка прабег час, выраслі дзеці, памерлі суседзі, пацьмянелі вочы і ў нашай сямейнай пары. Аднак у сэрцы засталася і дабрыня, і спагада, і жаданне падтрымаць сваіх родных слушнай парадай, дапамагчы матэрыяльна. Можа і ёсць ён, лепшы лёс, толькі кожнаму чалавеку неабходна прайсці той дарогай, якую яму наканавала неба. У Аляксея Аляксандравіча і Зінаіды Мікалаеўны гэты шлях пралёг па рыфам і ямінам неспакойнага мора жыцця ў маўклівым пасёлку Чырвоны Дварэц.