Ад маштабных навін да цікавых дробязяў

IMG_5006
Нарэшце, як і планавалі, збочваем у прыёмнаю. Сакратар Святлана Гулевіч вітае з усмешкай. Ураджэнка Веткаўскага раёна прыехала ў Нісімкавічы на малую радзіму мужа 8 год назад. Па спецыяльнасці яна эканаміст, а у душы – творца. Таму з запалам бярэцца за фарбы і пэндзлік, малюе. Яркія кветкі ў карыдоры, мілы мядзведзь у спальні для самых маленькіх – знайсці яе шэдэўры можна ў кожным кутку ўстановы. Для матэматычнай лесвіцы сама падрыхтавала трафарэты і акуратна выводзіла лічбы на прыступках. Увогуле натхняе творчую асобу рознае. З алоўкам у руках яна стварае партрэты, пляце з бісеру, прыдумвае вырабы з пластыкавых бутэлек. Палёт фантазіі абмежаваць немагчыма.

Жнівень адлічвае апошнія дзянькі летніх вакацый. Хутка школьнікі сядуць за парты, пачнецца чарговы навучальны год. У гэты час нават у паветры адчуваецца подых ветрыка перамен, новых ведаў, цікавых сустрэч. Крыху іншымі сталі не толькі вучні, але і школы.
Вядома, класы не падраслі, як хлопчыкі і дзяўчынкі, ды ўсё ж такі… «Вось, напрыклад, чым плануюць здзівіць выхаванцаў нісімкавіцкія педагогі?» – пытаюся ў дырэктара ўстановы адукацыі Івана Перавознікава. Перш чым ён пачынае расказваць пра рамонт, звяртаю ўвагу на лесвіцу, так бы мовіць, з матэматычным ухілам. На кожнай прыступцы – прыклад з табліцы множання. «Гэта праца сакратара Святланы Гулевіч, – тлумацыць кіраўнік. – Усю ноч малявала, каб ніхто не перашкаджаў. Пазней я вас пазнаёмлю»… Трэба адзначыць, карысная ідэя: такое афармленне разлічана на зрокавую памяць, дапаўняе стыль дзевяцігодкі. Увага да дробязяў заўсёды выдае добрага гаспадара. І хутка можна было ў гэтым пераканацца. «Сёлета з’явілася магчымасць абсталяваць кабінет працоўнага навучання для дзяўчынак, – аб адной з самых маштабных перамен распавядае Іван Васільевіч. – Вось набылі сучасную мэблю, бытавую тэхніку, адрамантавалі швейныя машынкі. Дарэчы, падчас работ да нас наведаліся сябры з Італіі і аказалі дабрачынную дапамогу. Вылучаныя 100 еўра мы патрацілі на электрычную пліту, сродкі на ўсё астатняе атрымалі ад мясцовых спонсараў». Таксама навіна гэтага года – практычна поўнасцю пераход на беларускую мову. Выкладанне прадметаў па-беларуску тут вядзецца пастаянна – такая сістэма звыклая для педагогаў і вучняў. Змянілася толькі афармленне стэндаў і дакументацыі. Трэба прызвычаіцца да некаторых нюансаў. Безумоўна, спатрэбіліся грошы на замену надпісаў, але рашэнне прынята і выканалі яго бездакорна. Адным з патрабаванняў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі з’яўляецца наяўнасць на ацяпляльных прыборах ахоўных экранаў. На гэтыя мэты накіравалі сродкі, выдзеленыя Фондам Міру ў рамках правядзення Міжнароднай дабрачыннай елкі. Яшчэ па рэкамендацыях спецыялістаў санітарнай службы ў класах з’явіліся канторкі. Шмат чаго не кідаецца ў вочы. Старонні чалавек не заўважыць, што пафарбаваны сцены, на вокнах – жалюзі, адрамантаваны спартыўны зал, памяшканні яслі-сада, з’явілася новая архітэктурная форма ў выглядзе вулея з пчолкамі на пляцоўцы для гульняў… Гэта арганічна ўспрымаецца як мае быць. Застаецца агульнае ўражанне – пазітыўнае.
За пяць год на пасадзе дырэктара Іван Васільевіч заўседы ўпэўнена вядзе справы, з напорам спартсмена і кемлівасцю мэнэджара (ён мае дзве вышэйшыя адукацыі). Пачынанні паспяховага кіраўніка падтрымлівае малады калектыў (як стала вядома, сярэдні ўзрост – 27 гадоў), падсабляюць шэфы ААТ «Звязда», мясцовае лясніцтва, прыватнае прадпрыемства «Шэстпіл». Першага верасня свае дэбютныя крокі ў прафесіі зробяць чатыры выпускнікі ГДУ імя Ф.Скарыны: настаўнікі фізічнай культуры Аляксей Панаськоў і Марыя Канцавая, матэматык Дзмітрый Дуброўскі, а таксама хімік-біёлаг Таццяна Барсукова.
Хутка рэзкаваты пах фарбаў зменіцца на водар святочных букетаў, настаўнікі апрануць дзелавыя касцюмы і павядуць маленькіх вяскоўцаў у краіну ведаў.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика