Краіна ведаў, творчасці і перамог

IMG_3194Школа – важная прыступка па лесвіцы наверх да дарослага жыцця, да новага этапа вучобы, да будучай прафесіі. Для педагогаў вельмі важна, каб гэты шлях быў не толькі паспяховым, але і камфортным. Трэба, каб кожны дзень рабяты пазнавалі новае і карыснае, каб развіваліся іх творчыя задаткі, і, канешне ж, было ўтульна ў памяшканнях.

На кожным кроку – прыгажосць
Пазітыўнае ўражанне аб дзейнасці палескай установы адукацыі ўзнікае адразу, як пападаеш на школьны двор. Чысціня і парадак, арыгінальныя малыя архітэктурныя формы, яркія кветкі – усё гэта радуе позірк. Прыемна зазірнуць у класы. За летні перыяд дарослыя пастараліся, каб кожны куточак у школе выглядаў свежа і сучасна.
Паклапаціліся і аб стварэнні належных умоў для арганізацыі харчавання. Абнавілі частку абсталявання. А інтэр’ер сталовай аформілі так, што вачэй не адвесці. У такім прыгожым пакоі абавязкова будзе добры апетыт і дастаткова моцы для засвойвання шматлікіх прадметаў.

Які ён, дзень суботні?
На кожным уроку багаж ведаў школьнікаў папаўняецца. А ў шосты дзень тыдня іх чакае сапраўдны фітнэс для мозгу – працуюць факультатывы, вучні рыхтуюцца да ўдзелу ў алімпіядах. А яшчэ праводзіцца шмат мерапрыемстваў прафілактычнага напрамку. Гэта і пасяджэнні за круглым сталом на злабадзённыя тэмы, і гутаркі па бяспецы паводзін, і школьныя гадзіны. Субота – самы час і для правядзення экскурсій. Рабяты з задавальненнем наведваюць раённыя аддзелы ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, аддзяленне Дэпартамента аховы, іншыя працоўныя калектывы. Шмат цікавага і карыснага даюць візіты ў гісторыка-этнаграфічны музей. Праходзяць культурна-масавыя, спартыўныя мерапрыемствы. Але гэта, як кажуць, агульны план. І каб ён выглядаў дастойна, існуе запатрабаванне ў індывідуальным падыходзе.
Раскрываюць школьнікі свае асабістыя здольнасці ў шматлікіх гуртках. Наведваючы харэаграфічны пад назвай «Вікторыя», рабяты прыгожа рухаюцца і нязменна радуюць гледачоў падчас яскравых выступленняў. «Цуда-лобзік» вучыць майстраваць. Спартыўныя навыкі школьнікі адточваюць у секцыі па валейболе. Вялікую цікавасць выклікае і гурток «Радыялогія». У школе працуе адпаведная лабараторыя, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі правяраюць на ўтрыманне радыёнуклідаў прадукты, вырашчаныя на прысядзібных участках і дары лесу. Так што ёсць куды прыкласці ініцыятыву, намаганні і фантазію.

На ўзроўні поспеху
Школьнікі, праяўляючы актыўнасць, шчодра дзеляцца прыгажосцю свайго ўнутранага свету. І гэтыя крокі не толькі сведчаць аб таленце, але і вядуць да перамог у творчых спаборніцтвах. Так, вучні занялі першае месца ў раённым конкурсе на лепшы відэаролік. Яго тэматыка – «Лета – пара спартыўная». Быў выкананы рытмічны танец, што суправаджаўся так званымі крычалкамі аб спорце, 90-годдзі раёна і інш. Атрымалася вельмі эфектна. Рабятам дапамагалі намеснік дырэктара школы Антон Леанідавіч Марозаў і педагог-арганізатар Марыя Канстанцінаўна Камісарава. Творчая работа прайшла абласны этап і зараз удзельнічае ў рэспубліканскім конкурсе.
Добры вынік і ў раённым экалагічным конкурсе «Юны натураліст». У намінацыі «Сэрца роднай зямлі» пераможцамі сталі дзве работы. Першае месца прысуджана вучаніцы сёмага класа Інэсе Драздовай за малюнак «Сюды мне хочацца вяртацца». другое месца – у шасцікласніцы Іны Болсун. Назва малюнка – «Мой мілы сэрцу куточак». У школе праяўляюць цікавасць і да знакамітых землякоў. Зноў жа да ўдзелу ў раённым конкурсе Ірына Болсун з восьмага класа падрыхтавала відэаработу «Радзіма, спадчына – мой гонар», прысвечаную творчасці паэта Міхася Болсуна. Памагатымі дзяўчынкі сталі Антон Леанідавіч Марозаў і выхавацель Ганна Васільеўна Мельнікава. І гэта вельмі карысна, калі педагогі і вучні працуюць у тандэме. Вопыт і юнацкая ўпартасць – выдатнае спалучэнне.
Вось так жыве сельская школа – краіна ведаў, творчасці і перамог, дзе кожны дзень дорыць адкрыццё, дае крылы і падтрымку таленту.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика