Ад Скарыны да сучаснасці
Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання прымеркавана папаўненне фонда цэнтральнай раённай бібліятэкі факсімільным выданнем кніжнай спадчыны Францыска Скарыны.
Нагадаем, у 1517 годзе ў Празе выйшаў у свет «Псалтыр» сына полацкай зямлі. Як паведаміла дырэктар ЦРБ Людміла Хрысціна, пяць тамоў дакладных копій кніг ХVI стагоддзя чачаране атрымалі ў падарунак у Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна. Гэта сумесны праект Банка БелВЭБ і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Выданне знаёміць шырокую грамадскасць з адным з найбольш каштоўных скарбаў айчыннай культуры, мае каментарыі навукоўцаў, а таксама пераклады прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы. Яно будзе карысным для даследчыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў, навучэнцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.
Сёлета ў бібліятэцы запланаваны шэраг мерапрыемстваў. Дзейнічаюць тэматычныя выставы, прысвечаныя не толькі справе першадрукара, асветніка Францыска Скарыны, але і юбілеям Якуба Коласа, Янкі Купалы. Таксама культработнікі назапасілі досыць цікавых экзэмпляраў мінулага стагоддзя, якія былі запатрабаваны раней. Гэта і дзіцячая літаратура, і мастацкая, і гістарычная. Беражліва захоўваецца нават томік Д.В.Грыгаровіча 1896 года выпуску. Яго падараваў жыхар райцэнтра Леанід Канцавы.
Трапяткое зберажэнне спадчыны ідзе поруч з сучаснымі пераменамі. Работнікі бібліятэкі запрашаюць наведаць не толькі чытальную залу, але і сайт на прасторах інтэрнэта. На віртуальнай старонцы адлюстроўваецца інфармацыя краязнаўчай тэматыкі, ёсць раздзел «Метадычная скарбонка», паведамляюцца навіны кніжнага свету, анонсы мерапрыемстваў, паслугі для чытачоў.
Дарэчы, яшчэ наперадзе чакаюць шматлікія конкурсы для супрацоўнікаў і чытачоў.
Лідзія ХАРАШЫЛАВА.