НЕ АДНЫМІ КАРМАМІ
Вытворчасць малака – пытанне круглагадовай актуальнасці ў галіне сельскай гаспадаркі раёна. Па аператыўных дадзеных, у другой палове тыдня валавы надой складаў крыху больш за 69 тон за суткі. Пры гэтым у сярэднім ад рагулі ў гаспадарках Чачэршчыны атрымліваюць 12 з паловай кілаграмаў малака. І хоць гэтыя дасягненні крыху лепшыя, чым за аналагічны перыяд мінулага года, аднак дабрабыт сельгаспрадпрыемстваў усё ж залежыць менавіта ад продажу тавару. Вось тут апошнім часам узнікаюць складанасці ў асобных сельгаспрадпрыемствах. Продаж малака ў цэлым па раёну складае 109 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, але не ўсе гаспадаркі дасягаюць мінулагодніх вынікаў. Так, амаль на тысячу тон малака менш, чым у 2010 годзе, прадае КСУП “Батвінава”, хоць вытворчасць яго аналагічная мінулагодняй, таварнасць тут, дарэчы, складае ў сярэднім толькі 80 працэнтаў. У КСУП “Нісімкавічы” стан яшчэ больш складаны. Гаспадарка рэалізуе амаль на 2000 тон малака менш, ды і вытворчасць на дзве з паловай тысячы тон знізілася ў параўнанні з мінулым годам. Цяжка падтрымліваць былыя тэмпы таксама такім сельгаспрадпрыемствам, як КСУП “Вазнясенск” і ААТ “МатнявічыАгра”. Недахоп уласных кармоў у трох апошніх з названых гаспадарак відавочны. А вось у першай іх пакуль дастаткова, але для падтрымання тэмпаў вытворчасці толькі кармоў, як відаць, мала.