Салдат сваёй Радзімы

Сімвалічна, што напярэдадні Дня Перамогі на базе гісторыка-этнаграфічнага музея адбылася ўрачыстая сустрэча з нагоды провадаў у рады Узброеных Сіл краіны прызыўной моладзі раёна, арганізаваная РК ГА «БРСМ».
Нехта з хлопцаў апранецца ў форму пагранічніка, кагосьці будуць навучаць баявой тэхніцы байца падраздзялення спецыяльнага прызначэння, а камусьці давядзецца чаканіць крок у войсках унутраных спраў. Так або інакш, кожны з юнакоў атрымае статус абаронцы Радзімы і павінен з гонарам пранесці гэта званне. З пажаданнямі добрага шляху і лёгкай службы да рабят звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Юлія Басаргіна, старшыня РА ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Аляксандр Піпко, старшыня раённага Савета ветэранаў Ірына Мінянкова, прадстаўнікі сілавых структур і начальнік адасобленай групы (Чачэрскага раёна) ваеннага камісарыята Чачэрскага і Буда-Кашалёўскага раёнаў Уладзімір Кабраль. Прызыўныя павесткі будучым ваеннаабавязаным уручыў Уладзімір Кабраль, а галоўны спецыяліст раённай маладзёжнай арганізацыі Вікторыя Пранкевіч перадала навабранцам тэлефонныя сім-карты – каб не забываліся пра дом і сваіх родных. Шчаслівага шляху!