Ракаў Лог: юбілей без юбіляра

фцекапаывпПаміж вёсак Гольч і Каромка, што размяшчаюцца ўздоўж аўтамабільнай трасы з Гомеля на Доўск, у рэвалюцыйным баявым 1917 годзе распачалі будаўніцтва жылля першыя навасёлы пасёлка Ракаў Лог, які ўзяў сваю назву ад луга, дзе ў чыстых затоках вадзілася шмат ракаў.

Браты Карней і Савелій Саўчанка з Будакашалёўшчыны ўладкаваліся на працу шах-цёрамі, забойшчыкі горных выпрацовак Данбаса зараблялі золата, каб затым вярнуцца на малую радзіму. У чыстым полі яны выкупілі па 50 сотак зямельнага надзелу і, скінуўшы каля магутнага дуба свае няхітрыя пажыткі, рэзануўшы рукой з-за пляча (як некалі Пётр 1), цвёрда вымавіўшы: «Тут будзем жыць!», узяліся за пілы і сякеры. Услед за імі ставілі хату да хаты іншыя перасяленцы з Дзербіч і Рагіні, і вось ужо сівенькі дымок заклубіўся з комінаў на дваццаці з лішнім падворках. Унікальным чалавекам на пасёлку лічыўся ветэран Вялікай Айчыннай Мікалай Дзятлаў. З вайны ён вярнуўся без нагі, ды на той час інваліднасць была не заганай, абы рукі не стамляліся і душа заставалася маладой. Што тычыць апошняга, дык смутак і нуду Мікалай Іванавіч выдатна разганяў заліхвацкімі гукамі гармоніка. А для рук занятак заўсёды знаходзіўся – на старой швейнай машынцы «Зінгер» амерыканскай вытворчасці апранаў усю вёску: буркі, фуфайкі, шапкі, камізэлькі землякам вырабляў «за капейкі», а штаны і сарочкі малым сіратам – задарма. Дый і для дзяржавы прыносіў карысць, абслугоўваў калгасную малатарню, раман-таваў тэхніку. Даўгажыхар Максім Рыгоравіч Дзеружынскі, які пражыў на гэтым свеце 100 гадоў, цудоўна іграў на дудцы. А Аляксандр Гаўрылін з маці Ганнай Максімаўнай наогул складалі сямейны дуэт – ён расцягваў мяхі двухрадкі, а яна лупіла ў бубен.
Асобна хочацца ўспомніць доўгажыхарку Анастасію Канс-танцінаўну Саўчанка – яна першай, прыхапіўшы каня і карову, уступіла ў калгас. У пасёлку ж гэту жанчыну клікалі бабай-павітухай, бо знахарка прымала роды ў парадзіх з усяго наваколля. Да яе ішлі з хваробамі, якія тая залечвала малітвай, замовамі і лекавымі зёлкамі. Дарэчы, такому мудраму народнаму рамяству потым навучылася і адна з яе дачок. Ефрасіння таксама выратоўвала аднавяскоўцаў ад немачы травамі, ведала шмат легенд і паданняў. А яе гаспадар, хоць і закончыў рагінскую царкоўна-прыходскую школу, пэўны час узначальваў мясцовы калгас, працаваў брыгадзірам, загадчыкам фермы. Трэба сказаць, муж і жонка карысталіся павагай у звычайнага люду: калі наўкол новая ўлада рушыла святыя храмы, адмаўляла імя Госпада, у хаце Дзеружынскіх, што стаяла на ўкрайку пасялення, употай ад чужога вока адбываліся магічныя дзеі вянчання, хрышчэння. Свяшчэнніка прывозілі позна вечарам і да рання за шчыльнымі шторамі завешаных вокнаў гарэлі свечкі, па пакоі разліваліся манатонныя царкоўныя песнапенні. Ягор Максімавіч такім чынам стаў хросным бацькам для пяці дзясяткаў, ці болей, немаўлят. У цэлым жа шматдзетных сем’яў на Ракавым Лозе – амаль у кожным двары. Напрыклад, у Васіля і яго брата Уладзіміра Аляксеенка гадавалася па сем дзяцей, у заможнага Карнея і яго прыгажуні з доўгай касой Марыі Саўчанка – па лаўках 14 хлапцоў і дзяўчат, неапісальна прыгожыя выдаліся чарнявыя дзяўчаты Мікіты Іванова, а красуня Ульяна Сурнакова зводзіла хлапцоў з розуму. На жаль, прама за Дзень Перамогі падарваўся на міне пяцігадовы Міколка Дзеружынскі, не дачакалася з фронту любага сыночка Марыя Саўчанка, а ўдава Ганна Гаўрыліна адна падымала на ногі траіх крывінак. Але ўперамешку з горам працавіты народ сеяў грэчку і лён, спяваў, танчыў і будаваў жыццё, нават старая баба Мікіціха да апошніх дзён трымала на падворку вялікую гаспадарку.
…Даўно не чулі палеткі грукату трактароў Мікалая Саўчанка і Уладзіміра Аляксеенка, на балоце Залошніца ніхто не нарыхтоўвае торф і не збірае чырвоныя журавіны для хатняга стала, у Цыганскім ляску паміж стромкіх соснаў больш не звіняць гітары, не гараць кастры і не пасвяцца вараныя падчас часовага адпачынку табару. Так склаліся абставіны, што 100-гадовы юбілей пасёлка Ракаў Лог праходзіць без юбіляра. Тым не менш яшчэ жывуць сярод нас у чацвёртым пакаленні тыя, хто памятае шчаслівыя хвіліны насычаных момантаў сялянскага быту. Адны з іх – сёстры Тамара і Марыя Дзеружынскія з Караблішча. Сёння яны маюць права падняць тост за жывых і памерлых, за дзядоў і матуль, за ўсіх аднавяскоўцаў і сваю любаю вёсачку, дзе дружнай сям’ёй шчыравалі на бацькоўскай зямлі светлыя добрыя людзі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика