вясёлай, бадзёрай і добразычлівай засталася ў памяці салістка народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Чачэрскі гармонік” Марыя Трафімава

Я заўсёды зайздросціла тым, хто ў любых абставінах не губляў пачуццё гумару і з аптымізмам глядзеў на жыццё, каму ўдавалася захоўваць душэўную раўнавагу і вытрымку.
Менавіта такой – вясёлай, бадзёрай і добразычлівай засталася ў маёй памяці салістка народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Чачэрскі гармонік” Марыя Трафімава. Усе будзёныя дні жанчыны былі напоўнены працай і карыснымі клопатамі. Яе імя гучала на ўвесь раён: стаханаўка, перадавы работнік, пяшчотная маці і пастаянная ўдзельніца грамадскага жыцця Чачэршчыны. Яна была адной з актывістаў, з’яўлялася членам праўлення калгаса “Сцяг камунізму”, членам парткама, дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў, членам ЦК КПБ і дэпутатам ХХІХ з’езда КПБ, мае шмат узнагарод. Нягледзячы на адказнасць, якую несла Марыя Паўлаўна ў якасці загадчыцы малочна-таварнай фермы, затым свінатаварнай, працуючы загадчыцай цэнтра занятасці насельніцтва і потым сакратаром Чачэрскага сельсавета, яна знаходзіла магчымасць вылучыць некалькі гадзін для рэпетыцый і выступіць на канцэрце. Яе голас і зараз захоўваюць відэастужкі старых запісаў раённых свят. На жаль, вельмі рана пакінула гэты свет – у пачатку красавіка гэтага года споўнілася 8 гадоў з дня яе смерці.
Без перабольшвання можна сказаць, што Марыя Паўлаўна была жамчужынай культурнай палітры раёна. Яе сольныя выступленні і асабліва каларытныя прыпеўкі, якія яна сама ж і складала, “заводзілі” аўдыторыю. Рэпертуар “Чачэрскага гармоніка” у асноўным складаўся з прапанаваных ёю песень. Сама ж салістка найбольш любіла фальклор. Даспадобы яе сэрцу была песня “Пасею гурочкі”. У хатнім архіве артысткі налічвалася каля 300 аўдыакасет з запісамі розных калектываў, сярод якіх “Бяседа”, “Золотое кольцо”, “Янкі” і і нш. Яны і зараз беражліва захоўваюцца дзецьмі, як памяць аб мінулым іх любай матулі. Перададзеныя ў спадчыну музычны слых і зычны голас стварылі Марыі Паўлаўне неўміручую славу чачэрскай прыпевачніцы. Абавязковымі былі ў яе рэпертуары байкі і гумарэскі. Ох, і ўмела ж яна падчапіць трапным слоўцам і таго п’яніцу, і гора-бюракрата! Асаблівай адметнасцю яе творчага жыцця стаў удзел у раней вельмі вядомых “Вячорках”, якія дэманстарваў адзін з беларускіх тэлеканалаў. Менавіта яна ў складзе калектыва мастацкай самадзенасці в.Глыбочыца пад кіраўніцтвам Пятра Гербаносенкі стала адной з першаадкрывальніц гэтага тэлевізійнага праекта.
Прыгожая душой і прывабная знешне, Марыя Трафімава ўнесла каштоўны ўклад у адраджэнне народнай спадчыны, захаванне мясцовых звычаяў і абраднасці. Чачэрская зямля згубіла адаронага і творчага чалавека, багатая натура і ўнутраны свет якога вылучалі столькі цяпла і любові. Абарвалася песня жыцця, перастала біцца сэрца, але ў памяці ўдзячных чачаран назаўсёды застанецца іскрамётнасць таленту, шырыня гумару і бязмежная любоў да бацькоўскай зямлі стараннай працаўніцы, выдатнай спявачкі і цудоўнай сяброўкі – Марыі Паўлаўны Трафімавай.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика