“Чачэрскія сустрэчы – 2011”
Вось ужо ў пяты раз адбылося свята “Чачэрскія сустрэчы – 2011”. Па традыцыі яно пачалося з прэсс-канферэнцыі з удзелам кіраўніцтва раёна, мастацкага кіраўніка фэста, народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга. Гаворка ішла аб гісторыі і развіцці беларускай музыкі, эстэтычным выхаванні слухачоў на творах беларускіх класікаў, аб культурнай спадчыне Чачэршчыны, аб выяўленні маладых талентаў у музычным мастацтве і г.д. Ажыццяўленне праекта адносна правядзення фестываляў у малых гарадах мае вялікае значэнне. Менавіта тут жыхары праяўляюць асаблівую цікавасць як да класічнай, так і да эстраднай музыкі. За 20 год адбылося 126 падобных музычных падзей больш чым у 15 гарадах Беларусі. І цудоўныя мелодыі пакінулі ў душах тых, хто сутыкнуўся з мастацтвам, самы добры след.
Затым у гарадской ратушы адбылася размова аб беларускім музычным мастацтве. Сапраўдным упрыгожваннем гэтага мерапрыемства стаў канцэрт ансамбля флейтыстаў “Інтрада”.
Амаль на працягу ўсяго дня ў старажытным і вечна маладым Чачэрску гучала неўміручая музыка. У кінаканцэртнай зале “Акцябр” адбыўся канцэрт, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння беларускага кампазітара Дзмітрыя Лукаса. А з надыходам вечара чачаране атрымалі сапраўдную асалоду ад гала-канцэрта эстраднай песні ў выкананні заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Для чачаран і гасцей горада спявалі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.