Меркулавіцкія Завалокіны

IMG_9184Дуэт музыкантаў фальклорнага гурта «Меркулавіцкія вячоркі» у складзе Васіля Казлова і Івана Яшкова – каштоўны здабытак культурнай скарбонкі Чачэршчыны. У адным артыкуле нельга поўнасцю і дасканала раскрыць гэты бясцэнны скарб чалавечага патэнцыялу. Трэба паслухаць, паглядзець увачавід і падзівіцца.

Спрытныя пальцы Васіля нібы самі ходзяць па гузіках гармоніка. Беларускія найгрышы, матчына песня, эстрадная мелодыя – усё па сілах магу і чараўніку мастацкіх гукаў. У дзяцінстве малы хлопчык з цікавасцю назіраў за ігрой таты, а ў шэсць гадоў і сам сабраў у адну мелодыю першыя нязграбныя акорды «хромкі». Так з-пад яго напорыстых рук хутка загучала ўкраінская народная песня «Ой, дзяўчына, шуміць гай…» і вясёлая «Калінка» Івана Ларыёнава. А пасля ўжо Васіль і не памятае, што і для каго «выдаваў» спачатку на бацькавай, потым на ўласна набытай двухрадцы. Колькі канцэртаў, фестываляў, конкурсаў гарманістаў, шматлікіх свят прайшло з яго непасрэдным удзелам – не пералічыць. І з кожным днём, з кожным выступленнем набіраўся ён музычных навыкаў, усё болей пераліўчата грымелі галасы, танчэй і прафесійней шліфаваўся яго ўнікальны прыродны дар. На сцэне, у полі, на завалінцы, у вузкім сямейным крузе, для калег і на шырокую публіку раздае апантаны віртуоз сваё багатае майстэрства і настрой.
Пашчасціла «Меркулавіцкім вячоркам» і з Іванам Яшковым. На пару з сябрам і калегам дамарошчаны гітарыст, бубніст здзіўляе публіку іскрамётным талентам. Мужчына асвоіў шастціструнку ва ўзросце 16 гадоў, навыкі адточваў у будаўнічым тэхнікуме і калі быў у арміі. Дарэчы, на ваеннай службе таксама ўдзельнічаў у конкурсах мастацкай самадзейнасці, спяваў у вайсковай вакальна-інструментальнай групе «Сустрэча», выдуваў ноты на бас-трубе. У меркулавіцкі клуб Іван прыйшоў шмат гадоў назад у якасці дыджэя, працаваў мастацкім кіраўніком, а зараз выкладае ўрокі музыкі па класу гітары адзінаццаці школьнікам. Для заняткаў сам сабраў па крупіцах шэсць інструментаў і барабан. А яго паэтычныя здольнасці і кампазітарскія задаткі абагачаюць рэпертуар калектыву. Так з-пад яго пяра нарадзіліся вершаваныя радкі пра вёску, стаўшыя своеасаблівым гімнам малой радзіме, пра каханне і жыццё – «Вёска», «Прывітальная», «Меркулавіцкія вячоркі», «Бульбачка», «Чорны воран», «Маці-зямля» – усяго больш дваццаці твораў на рускай і беларускай мовах.
Меркулавіцкія музыканты і спевакі пад стаць вядомаму расійскаму кампазітару і гарманісту Генадзю Завалокіну: і спрыт, і імпэт, і знешняя абаяльнасць, і такая ж прага да высокага мастацтва. Глядзі, слухай народную мудрасць і прымай станоўчы энергетычны пасыл. Жыві і радуйся!

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика