выязны рабочы выканкам
Перадсвяточны дзень 7 сакавіка для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, старшынь сельскіх Саветаў і адказных па гаспадарках паклікаў не ў магазіны за прадуктамі харчавання і кветкамі для любімых жанчын, а – на фермы да жывёлаводаў і машынна-трактарны парк. У гэты дзень праводзіўся выязны рабочы выканкам, на якім абмяркоўваліся пытанні выніковай дзейнасці галіны жывёлагадоўлі раёна за люты. Прыкладам таго, як захоўваць тэхніку і праводзіць зімоўку жывёлы, паслужыў метад работы кіраўніцтва і ўсяго калектыву УП “Звязда”. Тут ведаюць, як засцерагчыся ад крадзяжу паліва з бакаў, у гаспадарцы існуе свой абсталяваны пункт тэхнічнага абслугоўвання, правільна арганізавана зімоўка жывёлы, строга выконваецца графік даення і кармлення БРЖ.
Пасля візіту да залескіх жывёлаводаў у зале пасяджэнняў райвыканкама быў разгледжаны шэраг пытанняў, у тым ліку аднаўленне пагалоўя, добраўпарадкаванне бытавых памяшканняў для жывёлаводаў, гатоўнасць сельгастэхнікі да палявых работ, перападрыхтоўка механізатараў, унясенне арганічных угнаенняў (160 тон) і мінеральных тукаў (у першую чаргу на сенакосы і пашы) і многае іншае. Як было адзначана, на сёння з агульнага спісу 88% тэхнікі гатова выйсці ў поле, астатнія трактары і камбайны пакуль “падлечваюць” свае вузлы і агрэгаты. Але, як адзначыў старшыня райвыканкама І.І.Ком, за гэты тыдзень ва ўсіх гаспадарках Чачэршчыны павінна быць гарантавана поўная іх гатоўнасць да вясенне-пасяўной кампаніі. Пры наяўнасці поўнага камплекту тэхнікі магчыма справіцца з любым аб”ёмам работ, а калі ўлічыць, што сяўбу яравых культур неабходна правесці за 10 дзён, то пастарацца “паставіць на ногі” трактары да канца тыдня трэба абавязкова. Былі заслуханы выступленні кіраўнікоў гаспадарак, якія не выконваюць намечаныя планы па надоях і прывагах БРЖ.