гарачая пара

– Больш за ўсё сярод сезонных сельскагаспадарчых работ мне падабаецца перыяд нарыхтоўкі кармоў, – прызнаюся свайму субяседніку Валянціну Дзямідаву (на здымку) з КСУП “Батвінава”, – а вам які від работ больш па душы?
– Люблю адвозіць сянажную масу, – расказвае Валянцін Кірылавіч. – Але ў гэтым годзе ўпершыню за свой працоўны стаж выехаў з прэсам, магчыма, гэта справа мне больш і спадабаецца.
Падчас нашай сустрэчы на полі механізатар толькі другі дзень запар скручваў у кругленькія рулоны сухую траву, але ўжо планаваў устанавіць у гаспадарцы рэкорд – за дзень спрасаваць каля 70 тон сена. Аптымізму і працавітасці мужчыны можна толькі пазайздросціць. Ды і ўмовы працы ў такую спякоту прымушаюць міжвольна загартоўвацца. Нават у новых трактарах няма кандыцыянера. Свой МТЗ-82 В.Дзямідаў атрымаў толькі ў мінулым годзе, але ў ім, да прыкладу, таксама няма “ахаладжальніка паветра”. Аднак неяк спраўляюцца аграрыі з цяжкасцямі, і не толькі з такімі, – працуюць.
Сезон нарыхтоўкі кармоў у КСУП “Батвінава” ідзе сваёй чаргой, нягледзячы на тое што і пэўныя складанасці час ад часу крыху збіваюць з графіка. Так, ужо колькі дзён чакае гарантыйнага рамонту кормаўборачны камбайн “Ягуар”. А тут яшчэ і нязначныя паломкі ў КЗР-10 прымусілі адарвацца ў той дзень ад справы. Але ўсё імкнуцца выправіць як мага хутчэй, запэўнівае аграном гаспадаркі Мікалай Мікалаеў. Першым укосам запланавана ўбраць 1100 гектараў травы, з іх збіраюцца нарыхтаваць 3000 тон сенажу і 700 тон сена. Па падліках за аўторак, у сельгаспрадпрыемстве ўжо мелася 2000 тон сенажу і 250 тон сена. Усяго ж да зімова-стойлавага перыяду неабходна назапасіць 6000 тон першага з названых відаў кармоў і тысячу тон – другога. Для гэтага скарыстоўваюць два корманарыхтоўчыя камбайны, Ігар Лявончыкаў і Міхаіл Мішчанка імі кіруюць, двое граблей, з якімі працуюць Аляксандр Кір’янаў і Аляксандр Яшкоў. Ды і ўвогуле ўсіх, задзейнічаных у гэты адказны перыяд, не пералічыць, гэта зробяць эканамісты і бухгалтары, а пакуль кожны выконвае сваю справу.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика