Разам з Янкам Купалам
Культурную літаратурную акцыю «Чытаем услых, чытаем разам вершы Янкі Купалы», прымеркаваную да 135-годдзя нараджэння вядомага беларускага пісьменніка, з адчувальным азартам і пазітывам прынялі юныя чытачы раённай цэнтральнай бібліятэкі.
Апрануўшыся ў касцюмы традыцыйнага народнага строю, прыхапіўшы з сабой зборнік твораў знакамітага класіка, хлопчыкі і дзяўчынкі рушылі на ўлонне прыроды, знаходзячы ў наваколлі тое, што апісваў некалі паэт у рыфмаваных радках: дарога, рамонак, аблокі, дуб, рэчка, ліпавая квецень… Адшукаўшы неабходнае, рабілі кароткачасовы прыпынак, каб знайсці на старонках зборніка вершы тэматычнай накіраванасці. Рабятам так спадабаўся гэты экскурс у свет мастацтва, што яны да самага змяркання блукалі па пагорках і лугавінах за ваколіцай горада, усхваляючы хараство прыроды і праслаўляючы паэтычны талент народнага генія .