НА ЛІНЕЙКУ ДА СЕЗОНа
Набліжаецца адказны для аграрыяў сезон – уборка ўраджаю. Рыхтавацца да яго, як маецца, пачынаюць яшчэ ўвосень. Але найбольш строга правяраюць гэту падрыхтоўку непасрэдна перад пачаткам работ. Праз колькі тыдняў на палях гаспадарак калектыўна загудуць камбайны і пасыплецца спелае збожжа на зернетакі. Вось якраз для паспяховага правядзення гарачай пары і належыць загадзя паклапаціцца пра стан тэхнікі. А зараз ужо і час выставіць яе на лінейку гатоўнасці.
На мінулым тыдні менавіта гэта і правяралі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Па загадзя агавораных умовах трэба было падрыхтаваць да сезону камбайны, сушылкі і зернесклады да 17 чэрвеня. За выкананне гэтага задання прадугледжана і ўзнагарода кіраўнікам у памеры ад чацвёртай часткі да паловы аклада. Папярэдняе падвядзенне вынікаў на мінулым тыдні паказала, што амаль на выдатна выканалі задачу ў КСУПах “Вазнясенск”, “Звязда”, ААТ “Отар”. А вось для працаўнікоў КСУП “Палессе” і ПСУП “Роўкавічы” адзнак пакуль не знайшлося. Тут не гатовы не толькі камбайны, але і зернесушыльныя комплексы. Пакуль існуюць складанасці не толькі з падрыхтоўкай тэхнікі да сезона, але і з кадравым забеспячэннем. Так, у ПСУП “Роўкавічы” не хапае механізатараў, ААТ “МатнявічыАгра” патрэбны электрык, каб забяспечыць бесперабойную работу зернетока.