Пасёлак са стогадовай гісторыяй
Годам заснавання вёскі Новазахарполле лічыцца 1917-ты. Значыць, сёлета жыхары пасялення з’яўляюцца юбілярамі, а гэта нельга не адзначыць. Пра жыццё і стварэнне населенага пункта газета ўжо паведамляла свайму чытачу крыху раней. Аднак асвяжыць у памяці падзеі тых дзён лішнім не будзе.
Сваю назву вёска займела ад непасрэднай блізкасці са слабадой Захарполле. Выбраўшы месца на ўзгорачку, людзі пачалі будаваць жыллё. Дом за домам, і вось ужо больш паўсотні хат вырасла сярод чыстага поля. Паўстала неабходнасць стварыць тут калгас, якому далі назву «Перадавік». Перад вайной ім кіраваў старшыня Антон Камісараў, жонку і восем дзяцей якога фашысты растралялі за сувязь Антона Фаміча з партызанамі. Самай малодшай Томачцы было ўсяго два тыдні, Віталіку – чатыры гады, Лідачцы – дзевяць. Наогул жа смерць забрала каля сотні лёсаў новазахарпольцаў. Але ворага адолелі і людзі наладзілі новае жыццё. Будаваліся фермы, аднаўляўся побыт. Новазахарполле ўвайшло ў склад калгаса «Сцяг камунізму», цяпер стаіць на землях ААТ «Отар». Чачаране памятаюць прозвішча палявода-ардэнаносца Кацярыны Аляксандраўны Лімантавай. Тут і зараз жывуць былыя перадавыя работнікі сельскай гаспадаркі, паважаныя грамадзяне. На працягу 100 гадоў змяняліся пакаленні, аднак мэта і жаданні людзей заставаліся ранейшымі – мець дастатак, здароўе, свабоду і мір. Хай жа так і будзе як мінімум яшчэ дзесяць шчаслівых дзясяткаў!