На ўсе рукі майстрыца

Жанчына славіцца не толькі сваёй прыгажосцю, пяшчотай, мудрасцю і добрым сэрцам. Як правіла, кожная гаспадыня ўмее і смачна накарміць членаў сям’і, і стварыць у палісадзе казачнае кветкавае царства, і быць перадавой работніцай на прадпрыемстве.

Семкова Галина В.

Жыхарка горада Галіна Васільеўна Сямкова адпавядае ўсім гэтым станоўчым якасцям. У свой час яна працавала ў калгасе імя Кірава на розных пасадах: сакратар-машыністка, загадчыца склада, слесар-газаўшчык, ідэолаг, брыгадзір і загадчыца фермы, старшыня прафкама, інспектар па кадрах, аграном і… трактарыст. Так, даводзілася часам садзіцца за руль, калі таго патрабавалі абставіны. Роўна 17 гадоў рука аб руку – з вопытным і таленавітым вучоным-аграномам, кавалерам ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга, старшынёй гаспадаркі Мікалаем Быкавым. Тыя дні ўспамінае з прыемнай настальгіяй, як пра нешта роднае, светлае, дарагое. Любімай справе аддала душу і сэрца. Не важна, што ўвесь светлавы дзень – у полі ці на дойцы. Так было трэба, інакш – нельга, лічыць Галіна Васільеўна. Добрымі памагатымі па гаспадарцы з’яўляліся трое дачок і муж Мікалай (з якім, дарэчы, летам будзе святкаваць 35-годдзе шлюбу) – пакуль гаспадыня да цёмнага на рабоце, яны і скаціну дагледзяць, і вячэры навараць. Мікалай Іванавіч, між іншым, выдатны повар, і заўсёды мог змяніць жонку каля пліты, пакуль тая «лётала» на матацыкле ці ровары па калгасных палетках.
З 2014-га жанчына на заслужаным адпачынку, мае пяцёра ўнукаў. Вядома, вольнага часу досыць, і каб не сумаваць на пенсіі, займаецца рукадзеллем. З самага ранку з іголкай, з кручком і спіцамі – шые, вяжа стварае прыгожыя і такія патрэбныя рэчы: сурвэткі, дыванкі, посцілкі, куфры, вазы і іншае. Дзіва, але і раней яна знаходзіла час сесці за любімую справу. «Мой Мікола, бывала, засне, а я – бліжэй да начніка, і кручу сабе ніткі. Яшчэ вельмі любіла чытаць – да трох гадзін ночы праседжвала з кнігай. А ў шэсць ужо падымаюся і – на нарад. Сіла была нейкая неверагодная, азарт…» У дадатак да ўсяго чачаранка займаецца развядзеннем кветак. На вокнах – фіялкі, цыперус, драцэна, фікус, а ў агародзе – цюльпаны, астры, півоні, ружы. Але найбольш за ўсё Галіне Васільеўне да душы яе майстэрства, з нічога ствараць сапраўдныя дзівосы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Матуліна захапленне перадалося і дзяўчынкам – усе трое маюць здольнасці да рукадзелля. Вырабляюць цудоўныя сувеніры, макрамэ і тапіарыі, шыюць прадметы хатняга і пасцельнага дэкору, займаюцца аздабленнем інтэр’еру. Вось такая яна, жанчына нашага часу!
В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика