ФАШЫСЦКІЯ КАТЫ ГОРШ ЗА ЗВЯРОЎ

Кожная сустрэча, размова з ветэранам Вялікай Айчыннай заўсёды нясе ў сабе не толькі новыя факты, але боль і адчай з-за таго, што прыйшлося перанесці падчас ваеннага ліхалецця. Пакутавалі ўсе: ад старога да малога. Аб зверствах расказвалі матулі сваім дзецям, тыя – сваім і гэтак далей. Вось і чачаранка Н.Ф.Сінельнікава шмат чаго чула ад бабулі Лізаветы Максімаўны Цімашэнка. Тыя расказы настолькі закранулі душу жанчыны яшчэ ў маладосці, што і сёння, будучы ў сталым узросце, час ад часу ды і ўсплываюць у памяці.
У вёсцы Асінаўка ў адзін са злашчасных дзён 1942-га, немцы сабралі ўсіх жыхароў на могілках. Да абеда былі ўсе ў напружаным становішчы, баяліся прысесці, варухнуцца, нават маленькім дзецям расплакацца не дазвалялі. Усе чакалі, калі кулямётчыкі, якія стаялі вакол, прымуць загад і расстраляюць людзей. Праз некаторы час пад’ехаў легкавы аўтамабіль, з яго выйшаў немец, прайшоўся па радах і сказаў: “Бачу, стаміліся вельмі, дык сядайце”. Усе пачалі плакаць і развітвацца, разумеючы, што гэта апошнія хвіліны іх жыцця. А немец працягваў: “Мы прайшлі арлоўскія, смаленскія лясы, мы патанаем у крыві, але нам не хочацца і вас туды ж… Здавайце партызан”. Мёртвым рэхам прайшлася цішыня. Пасля ўсіх сагналі і перавезлі ў гарадскую ратушу. Маленькіх дзяцей ды сталых жанчын на павозках везлі, а астатнія ішлі пешшу. Сядзелі ўсе галодныя. А на позірк дзетак маці і адказаць не ведалі што. Прайшло тры дні. Увесь гэты час фашысты вымачвалі бочкі з-пад бензіну, каб у іх зварыць ежу для арыштаваных. А калі прынеслі гэтае варыва ў кансервавых банках, то і паднесці яго да рота нельга было, не тое што з’есці. Праз некаторы час усіх рассялілі па іншых вёсках. Асінаўка была спалена датла. Яшчэ бабуля расказвала, калі ў вёсцы ворагі мылі і сушылі адзенне, побач гулялі хлопчыкі-блізняткі. Басаногімі яны бегалі па траве і зразумела, што іх пяткі былі брудныя. Немец паклікаў аднаго з хлопчыкаў, а калі той падыйшоў да яго, то і апусціў гэтыя ножкі ў чан з кіпянем. Ад нечаканага і нясцерпнага болю дзіця крыкам узвыла, а астатнія салдаты-ворагі “рагаталі” на ўсю ваколіцу. Маці хлопчыка, ледзь не страціўшы прытомнасць, прыбегла і забрала яго. Вайна прайшла, а боль ад перажытага застаўся…
Таццяна ЯКУБОЎСКАЯ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика