ЗАЎСЁДЫ РАДА ПАКУПНІКУ

Стаць індывідуальным прадпрымальнікам Людмілу Лашкевіч прымусілі абставіны. Пасаду, якую яна займала да гэтага, скарацілі. Знайсці іншую ў той час было складана. І вось параіўшыся з мужам, вырашыла заняцца прыватным гандлем. Тым больш, што была падтрымка з боку мясцовых улад. Што прадаваць? Ды рыбнай прадукцыі на чачэрскім рынку і не хапала. Вось і занялася гэтай справай. Па-першасці ніяк было не прывыкнуць, ды яшчэ гандаль у той час ішоў прама на вуліцы. І ў дождж, і ў снег прыходзілася стаяць за прылаўкам. Зведала тады жанчына, што праца прадпрымальніка не такая ўжо і лёгкая. Лёгкай яе не назавеш і цяпер, хоць прылавак сёння знаходзіцца ў крытым, прыстасаваным для гэтага памяшканні, а стаіць яна за ім ужо больш дзесяці гадоў. Але ж зараз Людміла Іванаўна вопытны прадавец, яе прадукцыя карыстаецца вялікім попытам. Селядцамі і асабліва маленькай кількай ласуюцца жыхары не толькі нашага горада, але і многіх вёсак раёна. Калі вяскоўцы бываюць у райцэнтры, абавязкова заглянуць на рынак, дзе іх ветліва абслужыць Людміла Лашкевіч.
– Многім пакупнікам адпускаю прадукцыю ў доўг, – гаворыць Людміла Іванаўна. – Хто да пенсіі просіць пачакаць з грашыма, хто да зарплаты, я заўсёды веру людзям. А яны, у сваю чаргу, удзячны мне. Грошы ж не заўсёды ёсць у чалавека, а есці хочацца кожны дзень. Іншы раз чакаць аплату за прадукцыю прыходзіцца доўгі час. Але ж такое бывае рэдка. Я заўсёды рада пакупніку. Праўда, раней прыбытак быў значны, кошт прадукцыі больш нізкі. Сёння ж асартымент вельмі шырокі, а вось цэны “кусаюцца”. Ну, што зробіш, час такі.
Нягледзячы на ўсё, прадпрымальнік у тэрмін плоціць падаткі, нават падзяку атрымала за гэта. У свой час выступала арганізатарам і разам з калегамі займалася дабрачыннасцю. Цяпер, з такім ростам цэн, на нейкі час гэтая работа прыпынілася.
Заўсёды прывабная, акуратная, ветлівая жанчына прыцягвае да свайго прылаўка шматлікіх пакупнікоў. У яе планах – адкрыццё ўласнай гандлёвай кропкі. Усё ўжо гатова, засталіся, можна сказаць, дробязі, але яны патрабуюць вялікай сумы грошай – набыць касавы тэрмінал. Ну а на паўдарозе прадпрымальнік не спыніцца – сваю мару ажыццявіць. А адрас яе магазіна, спадзяемся, яна паведаміць на старонках раёнкі. І чачаране, як і зараз, з задавальненнем будуць рабіць там пакупкі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика