СОНЦА Ў НЕБА – ЗЕРНЕ Ў ГЛЕБУ
Паступовымі крокамі да нас набліжаецца цяпло, а значыць, хутка ў поле. Па свежай раллі загудуць магутныя маторы трактароў, пачнецца сяўба. Таму адной з галоўных тэм на апаратнай нарадзе старшыні райвыканкама была гатоўнасць гаспадарак да веснавой пасяўной кампаніі. Ужо з аўторка гэта работа ў раёне павінна была набіраць абароты. Там, дзе сёння можа прайсці тэхніка, час кідаць у глебу зерне, а таксама ажыццяўляць вываз арганічных угнаенняў, падкормку азімых (у тым ліку на корм жывёле) і пашавых культур.
З прыходам цёплых дзён агаліла свой твар зямля і воку адкрылася непрывабная карціна анцісанітарыі. Выйсці на замацаваныя вытворчыя ўчасткі і прыдамавую тэрыторыю і навесці там парадак пераканаўча запатрабаваў Іван Іванавіч Ком. Тут жа гаварылася пра неабходнасць вынішчэння кустарнікаў лазы на палях раёна і абапал дарог. Ачысціць палеткі ад непатрэбнай расліннасці рэкамендавана літаральна ўсім кіраўнікам гаспадарак.
Каб забяспечыць паступленне грашовых сродкаў у казну раёна разглядаецца пытанне адкрыцця на базе ААТ “Чачэрскагратэхсервіс” будаўнічай брыгады, нешта накшталт ПМК. Гэта дазволіць паскорыць працэс правядзення будаўнічых работ і гарантаваць своечасовае выкананне акрэсленых тэрмінаў здачы новых і рэканструяваных аб”ектаў у эксплуатацыю. На нарадзе былі закрануты і іншыя важныя для Чачэршчыны пытанні.