Чачаранка Ала Машуціна прымала віншаванні з юбілеем

Ужо і не верыцца, што недзе там, за парогам хаты, за вузкімі сцежкамі мітуслівых дзён за спіной засталося 80 радасных і салёных, светлых і трывожных гадоў жыцця. У мінулую сераду тэлефонныя званкі і госці дома парушылі звычайны будні рытм чачаранкі Алы Мікалаеўны Машуцінай.
IMG_7627Павіншаваць сяброўку, былога калегу, бабулю з юбілеем спяшаліся тыя, хто працаваў з ёй плячом да пляча, з кім яна дзялілася сваім болем і сумневам, каго запрашала да хатняга святочнага стала. Такая значная дата ў яе ціхай гавані пенсійнага ўзросту падняла на хвалях знакавай падзеі шквал успамінаў і трапяткога ўнутранага хвалявання. Вось перад вачамі праплываюць дарагія маляўнічыя карціны маладосці: як правяла басаногае дзяцінства ў Рэспубліцы Адыгея, як вучылася, як сустрэла свой шчаслівы жаночы лёс у бібліятэцы Дома афіцэраў горага Майкопа і абрала мужам падцягнутага стромкага Віталя, за якім затым паехала ў Беларусь, на Чачэршчыну. Гэты маляўнічы край валошкавага мора стаў для яе другой малой радзімай. У 1965-м працавала загадчыцай цэнтральнай раённай бібліятэкі, а з 1978 па 1994 гады ўзначальвала калектыў ужо ўсёй бібліятэчнай сістэмы раёна. Гэтыя гады доўгага дырэктарства дапоўнілі яе скарбонку працоўнага стажу, які склаў у цэлым каля чатырох дзясяткаў зімаў і вёснаў, што бездакорна і спаўна аддала яна галіне бібліятэчнай справы.
Ала Мікалаеўна і сама захаплялася літаратурай, і далучала да чытання насельніцтва краю, прывіваючы любоў да кнігі, да беларускага слова старым і падлеткам, уносіла асабісты ўклад у паляпшэнне бібліятэчнага абслугоўвання, за што была адзначана ганаровымі граматамі раённага аддзела і ўпраўлення культуры.
Акрамя асноўных службовых абавязкаў выконвала і грамадскія, будучы старшынёй аб’яднання кнігалюбаў. Выступала ў якасці народнага засядацеля, была абрана членам ідэалагічнай камісіі райкама партыі.
На вуліцах горада Алы Мікалаеўны амаль не відаць. Пасля смерці сына Яўгена і без таго дрэннае здароўе падкасіла жанчыну. Нібы тую ікону, шануе яна і ставіць на самы кут фотаздымак сыночка, ад чаго яе змучанаму сэрцу становіцца яшчэ невыносней. І ўсё ж жыццё ёсць жыццё, кожнаму час нараджацца і час паміраць. Мы ж усе шчыра жадаем Але Мікалаеўне сустракаць світанкі і праводзіць сонейка за гарызонт яшчэ ні адну вясну, ні адно лета. З юбілеем! І няхай смутак і роспач не патрывожаць яе душы і вачэй.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика