палесскі самародак

Чачэрскай зямлі пашчасціла, што яе прыгажосць і гасціннасць знайшлі яркае творчае ўвасабленне ў вершах улюбёнага “ў радзіму продкаў і сваю” мясцовага паэта Міхася Болсуна.
…Зіма, сцюжа, на дварэ вецер наганяе сумёты аж да страхі. Мароз пячэ і не дае стаяць на месцы. Холад такі, што нават сабакі пахаваліся і не высоўваюць на вуліцу носа. І менавіта ў такі лютаўскі дзень, 23 чысла 1942 года, у сялянскай хаце ў в.Балсуны на свет нарадзіўся хлопчык. Ніхто тады не ведаў, які ў дзіцяці будзе лёс, кім стане гэты новы грамадзянін Беларусі, што добрага зробіць для людзей. Час ішоў. Міхась падрос, скончыў Палескую школу і калі паўстала пытанне, куды пайсці вучыцца далей, дакладна вырашыў – у Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Ф.Скарыны, а потым на аддзяленне журналістыкі Мінскай Вышэйшай партыйнай школы. Бо яго здольнасць складаць вершы, выяўленая яшчэ ў раннім дзяцінстве, падштурхоўвала больш дасканала развіваць свае творчыя здольнасці і стала асновай усяго далейшага жыцця паэта. Міхась Болсун доўгі час працаваў у сферы журналістыкі: займаў розныя пасады ў чачэрскай раённай газеце “Трыбуна камунізму”, сем гадоў працаваў галоўным рэдактарам Буда-Кашалёўскага “Авангарда”, сямнаццаць – старшым рэдактарам і загадчыкам аддзела Гомельскага абласнога тэлерадыёаб’яднання. З’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага Саюза журналістаў. Але галоўная яго “прафесія” – паэт. Найбольш шырока раскрыўся яго паэтычны талент пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Шмат вершаў напісана ім аб роднай палескай старонцы, земляках, гучным болем адгукнулася ў рыфмаваных радках тэма “яго пакалення – падранкаў вайны”. Пэўнае месца ён адводзіць любоўнай лірыцы, не выключэнне і трапны гумар. Міхась Болсун – сааўтар шэрагу калектыўных літаратурных зборнікаў. Гонарам сваёй творчай працы ён лічыць кнігі вершаў “Яблыня ў фаце”, “Там, дзе задумлівы Сож”, “Спатканне з поўняй” і “Пад сузор’ем дабрыні”, дзе вялікае месца адведзена вершам аб Чачэрску і яго жыхарах. За актыўны ўдзел у творчым і грамадскім жыцці Чачэршчыны Міхасю Болсуну прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна”.
Сёння Міхаілу Міхайлавічу спаўняецца 70 гадоў. Але душа не жадае старыцца. Палескі самародак па-ранейшаму стварае шэдэўры беларускага мастацтва, непаўторныя і ні з чым непараўнальныя. Вядзе здаровы лад жыцця, знаходзіцца ў пастаянным кантакце з моладдзю. Сустракаецца з цікавымі людзьмі і пры першай магчымасці прыязджае на сваю вотчыну, каб пабачыцца з сябрамі, роднымі, наталіць трапяткую душу шчымлівымі пачуццямі і ўдосталь пахадзіць па знаёмых, парослых высокім асотам сцяжынках любай бацькаўшчыны.
“А можа, тым жыццё і неацэннае, што не вяртаюцца гады?”, – пытае нібы сам у сябе таленавіты мастак паэтычнага слова ў адным са сваіх вершаў. І, здаецца, гэта так. Толькі сваім лёсам Міхась Болсун задаволены, бо пасля сябе пакіне нашчадкам мудрае слова і лірыку сваіх думак.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика