нібы з белых яблынь дым

Сярод шырокага поля расла старая шурпатая ігруша. І вецер яе калыхаў, і дожджык абмываў, і сонейка паліла. Нікому да адзінокага дрэва не было справы, пакуль аднойчы каля яе падножжа не пачалі стукаць сякерамі мужыкі – будавалася новае жыллё.
Адляцела, адгуло і адспявала добрае мінулае ў невялічкім пасёлку Падыгрушка Залескага сельсавета. Пад гнётам бязлітаснага часу з карты Чачэршчыны знікаюць маленькія вёсачкі, на месцы былых моцных гаспадарскіх хат і павецяў утвараецца пустэча. Так здарылася і з гэтым населеным пунктам. Паскорыў тут працэс вымірання выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі – у 1991 годзе апошнія жыхары выбраліся з забруджанага радыёнуклідамі паселішча.
– Чарнобыль выгнаў людзей з уласных падворкаў, – успамінае былы жыхар Падыгрушкі Рыгор Сяргеевіч Іваноў. – А які быў прыгожы пасёлак! Вясной як забушуюць сады – уся вуліца белая ад квецені. Усё прайшло, абляцела, нібы тая яблыня… Радыяцыя вінавата. У 1954-м я спачатку бацьку згубіў, які падарваўся на міне, а потым і той куток, дзе пуп закапаны.
Добра памятае сваё басаногае дзяцінства ўраджэнка пасёлка Наталля Шаўцова, якая зараз працуе старшынёй Залескага сельвыканкама. Запомніліся ёй бусліны клёкат амаль каля кожнай хаты, палісаднікі ў кветках, шчодрыя сунічныя паляны і тыя цукеркі, арэхі і семкі, якімі дарослыя частавалі дзяцей – гэта каб ураджай быў багаты. Ад грому мясцовыя жыхары ратаваліся, павязваючы на двары з мэтай абярэгу рушнікі, на якія на Вялікдзень клалі кулічы. Зімой да людскіх стажкоў прыходзілі паласавацца свежым сенам ласі, а ў засушлівае лета паміж градак у сырых канаўках шукалі паратунку ад спякоты тлустыя зайчыхі з зайчанятамі. А яшчэ ў памяці захаваўся расказ бабулі пра тое, як у час вайны немцы забілі савецкага разведчыка. Дваццацігадовага хлопца выдалі паліцаі, яго жорстка катавалі, выразалі на спіне зорку, доўга здзекваліся. Да магілы адважнага разведчыка і зараз прыходзяць людзі, сочыць там за парадкам бацька Н.Шаўцовай – Уладзімір Сяргеевіч Іваноў.
У пасёлку да вайны налічвалася каля 30 двароў, усе яны былі жорстка спалены фашыстамі. Толькі агонь не выпаліў з чалавечага сэрца любоў да родных мясцін, да бацькавай вотчыны. І хаты зноў адбудаваліся на папялішчы. Адзін за другім закладалі падмурак новага будучага падыгрушкаўцы. Сем’і Івановых і Загорцавых (у той час самыя распаўсюджаныя тут прозвішчы) далі жыццё новым пакаленням. У магазін і школу хадзілі ў суседнюю Каменку, што ў кіламетры ад пасёлка. Пасля вайны, каб неяк выжыць, людзі здавалі на грыбаварню грыбы, збіралі кару лазы і крушыну. У шырокім попыце тады быў гонт – драўляны матэрыял для будаўніцтва даху. Мужчыны разводзілі пчол і шырока займаліся бондарствам: шыкоўныя бочкі вырабляў Мікіта Іваноў. У калгасе “Чырвоны сейбіт”, старшынёй якога быў Максім Фёдаравіч Загорцаў, на палях радзілі зерневыя і бульба, радаваў густымі ўзыходамі сінявокі лён, раслі каноплі і грэчка, вырошчвалі как-сагыз. На ўскраіне пасёлка размяшчалася стайня, за жывёлай вялі догляд конюхі Канстанцін Іваноў і Рыгор Агеенка. Добрай цяглавай сілай служылі і валы. Сярод іх быў хітры і нараўлівы Рабы: як заўпарціцца – стане, нібы ўкопаны, хоць страляй па ім. Аднойчы на быку перавозілі грэчку. Захацеў Рабы вады, спыніўся каля калодзежа і – ні з месца, пакуль не напаілі. Займаліся ў Падыгрушцы развядзеннем птушкі, на пашы выпасаліся каровы і авечкі. Іншы раз яны траплялі ў зубастую ваўчыную пашчу. Здаралася, шэрыя “зладзюгі” набіраліся смеласці і нават, калі падціскаў голад, выцягвалі з двара сабак. Бо лес быў зусім блізка – усяго нейкіх 200 метраў за ваколіцу.
Людзі жылі дружна. Працавалі ад цёмнага да цёмнага, а на прыстольнае свята – Міхайлу – ладзілі гулянне. Да агульнага стала прыносілі выпіўку, закуску, а мясцовыя кабеты “давалі жару”, выбіваючы каленцы пад вясёлыя найгрышы гарманістаў Івана Загорцава, Рыгора Сяменчанкі і Мікалая Іванова. А як, бывала, зацягнуць галасістыя жанчыны песню, разносіцца рэха далёка над борам.
…І сёння на месцы былой Падыгрушкі б’е халодная крынічка, яшчэ відаць сляды мелкаводнай рачулкі Бондараўкі. Але людзі пайшлі адсюль назаўсёды. Прасторы ахінула цішыня. Толькі ўсё так жа скрыпіць на вольным прасторы сваім сухім галлём старая ігруша, ды галосіць над глухім гушчаром адзінокая кнігаўка.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика