СОНЦА ПРЫПЯКАЕ – СЕЙБІТАЎ ПРЫСПЕШВАЕ
Дзесяць працэнтаў плошчаў ад усіх запланаваных пад сяўбу яравымі зерневымі і зернебабовымі культурамі даводзіцца штодзень сеяць сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Да гэтага паказчыка ніхто ў раёне пакуль цалкам не наблізіўся. Праглядзеўшы аператыўныя дадзеныя, у сераду накіравалася вывучаць адносна перадавы вопыт у ПСУП “Отар”. Тут за мінулы дзень засеялі аж восем працэнтаў плошчаў. Больш было толькі ў КСУП “Нісімкавічы” (8,3%).
У ПСУП “Отар” у поле выйшлі ў мінулую пятніцу. Да нашага візіту паспелі засеяць 160 гектараў. Усяго неабходна 750 гектараў. Частка іх дасталася пасля далучэння ПСУП “Колас”. Разам з землямі “ў спадчыну” перадаліся і талковыя працаўнікі. Да прыкладу, Аляксандр Ткачоў і Аляксандр Сівакоў. Моладзь апошнім часам задзейнічана на культывацыі і ўнясенні ўгнаенняў. Механізатар ва ўзроставай групе да 31 Аляксандр Негарэеў хоць і працуе ў гаспадарцы толькі каля года, але ад сваіх калег не адстае. У гэты сезон таксама задзейнічаны на ўнясенні мінеральных тукаў.
Упраўленне ж новым Нью Холанд, на якім засяваюцца палі, даверылі вопытнаму механізатару Анатолю Круглікаву, у другую змену працуе Андрэй Буракоў. А шасцімятровы пасяўны агрэгат, які ішоў у камплекце з вышэйназваным энерганасычаным трактарам, дазваляе за суткі апрацоўваць зямлю і засяваць хлеб на плошчы каля 60 гектараў. Наўрад ці ў сельгаспрадпрыемстве паспеюць скончыць сяўбу да 12 красавіка, як даведзена камітэтам па сельскай гаспадарцы Гомельскага аблвыканкама. Але кіраўнік прытрымліваецца ўласнага пункту погляду. “Надвор”е перашкаджае вытрымліваць запланаваныя тэрміны, глеба яшчэ не ўсюды гатова фізічна. А тое, што залежыць ад нас, выконваем. Нашы людзі працуюць, стараюцца”, – гаворыць Т. А. Струк.
Наталля СУВАЛАВА.